Вядомыя людзі Пастаўшчыны. Прыкладныя і тэхнічныя навукі, геалогія і эканоміка.

Вавілаў Антон Уладзіміравіч, доктар тэхнічных навук, замежны член РААіБН і УТАНУ, прафесар. Нарадзіўся ў 1949 г. у г. Паставы, закончыў школу са срэбным медалём. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Беларускім тэхналагічным інстытуце. У 1976 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю. У Беларускім палітэхнічным інстытуце (цяпер БНТУ) спачатку стаў дацэнтам, а потым узначаліў кафедру «Будаўнічыя і дарожныя машыны». У 1991 г. у Маскве абараніў доктарскую дысертацыю, а праз год атрымаў званне прафесара. З 1996 г. быў прызначаны на пасаду прарэктара Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі. З 2001 г. узначальвае навуковае аб’яднанне па стварэнню тэхналагічных машын. З’яўляецца замежным членам Расійскай акадэміі архітэктуры і будаўнічых навук, Акадэмікам уздыма-транспартнай акадэміі навук Украіны. Антон Уладзіміравіч займаецца распрацоўкай навуковых асноў стварэння канкурэнтаздольнай, энэрга- і рэсурсазберагаючай будаўнічай тэхнікі і прагназавання яе развіцця на перспектыву, распрацоўвае метадалогію праектавання шматфункцыянальных машын, сістэмны падыход фарміравання іх комплексаў; метады выбару эфектыўных варыянтаў механізацыі пад перспектыўныя тэхналогіі, патрабаванні да комплексаў машын, якія забяспечваюць сусветны ўзровень рэалізацыі тэхналагічных працэсаў; метады эканамічнага праектавання машын і тэхналагічных комплексаў.  Аўтар 9 манаграфій, 13 кніг, каля 500 навуковых прац. Старшыня Рады па абароне доктарскіх дысертацый, працаваў экспертам Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Беларусі. У 2003 г. Інстытут біяграфій ЗША надаў Вавілаву А.У. званне «Чалавек года». У 2004-2006 гг. Міжнародны біяграфічны цэнтр у Кембрыджы надаў званне «Выбітны выкладчык і інтэлектуал ХХІ стагоддзя».

 

Вайцяховіч Баляслаў Браніслававіч, прафесар. Нарадзіўся 2 студзеня 1927 года ў Паставах. У Польшчу прыбыў падчас рэпатрыяцыі, і паступіў у Інжынерную Школу ў Познані. Пасля яе заканчэння ў ў 1950 годзе стаў працаваць на пасадзе асістэнта на кафедры рухавікоў унутранага згарання. З Познаньскай Палітэхнікай прафесар Баляслаў Вайцяховіч звязаў усю сваю прафесійную і навуковую кар’еру. Ступень доктара тэхнічных навук у вобласці трыбалогіі атрымаў у 1962 годзе, затым габілітацыю (вучоную ступень, якая дае права выкладаць ва ўніверсітэце) у 1968 годзе. Чарговыя галіны навуковай кар’еры, гэта званні прафесара надзвычайнага (1972 год) і звычайнага (1978 год). Адначасова выконваў у Познаньскай Палітэхніцы функцыі прадэкана, кіраўніка ўстановы, кіраўніка кафедры, дырэктара інстытута, прарэктара па навуцы (1968 — 1972) і рэктара (1972 — 1980 гг.). Прадметам навуковых зацікаўленняў прафесара праблемы асноў трыбалогіі, асабліва абразіўнае выкарыстанне плаваючых падшыпнікаў. Па гэтай праблематыцы апублікаваў шмат навуковых прац. Яго габілітацыйная навуковая праца «Даследаванне над механізмам выкарыстання плаваючай пары ў прысутнасці забруджвання» з’яўляецца да цяперашняга часу фундаментальнай працай. Ім была створана Ізатопавая Лабараторыя, якую арганізаваў прафесар і якой непасрэднга кіраваў у 1960 — 70-я гады. У апошнія гады прафесар Вайцяховіч працаваў над развіццём метадалагічных асноваў эскплуатацыйных даследаванняў, вынікам чаго былі ў суаўтарстве з прафесарам Веславам Лешкам дзве манаграфіі: «Метадалогія генерыравання і рэалізацыя даследчых праграм у навуцы аб эксплуатацыі тэхічных аб’ектаў» (2004 год), а таксама «Тэорыя права і правільнасці ў навуцы аб эксплуатацыі тэхнічных аб’ектаў» (2006 год). Выбітныя заслугі прафесара Баляслава Вайцяховіча ў галіне развіцця навуковых кадраў. Прафесар Вайцяховіч актыўна дзейнічаў у справе развіцця дзяржаўных і міжнародных навуковых асяроддзяў. Шмат гадоў быў членам Камітэту Машынабудавання Польскай Акадэміі Навук, кіруючы секцыяй эксплуатацыі машын, кіраваў шматлікімі навуковымі Радамі. Выразам прызнання за ўклад у развіццё міжнародных і дзяржаўных навуковых калегій было наданне яму тытулу Ганаровага Доктара Данскога Тэхнічнага Інстытута ў Растове на Доне ў Расіі (1993), Пазнаньскай Палітэхнікі (2001 год), а таксама Тэхналагічна — Прыродазнаўчага Універсітэта ў Быдгошчу (у 2007 годзе). Аб высокім прызнанні заслуг прафесара Вайцяховіча сведчыць узнагароджанне яго статуэткай Залатога Іпаліта і наданне тытула «Выбітнай Асобы Арганічнай Працы» у 2006 годзе. Памёр прафесар Баляслаў Вайцяховіч 29 кастрычніка 2010 года.

 

Вайцяхоўскі Юрый Леанідавіч, дырэктар Геалагічнага інстытута Кольскага навуковага цэнтра РасійскайАкадэміі Навук. Нарадзіўся 27 кастрычніка 1960 г. у гарадскім пасёлку Лынтупы Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. З адзнакай закончыў геолагаразведачны факультэт Ленінградскага горнага інстытута імя Пляханава, далей матэматыка—механічны факультэт СПб ДУ, Вышэйшую нацыянальную горную школу Парыжа (цэнтр геастатыкі). З 1982 года жыве ў Апатытах, працуе ў Геалагічным інстытуце КНЦ РАН. Прайшоў усе пасады: ад старэйшага лабаранта да дырэктара інстытута (дзесяць пасад). У 1987 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1997 годзе — доктарскую. Вучонае званне — прафесар. Выкладае ў АФ МГТУ, ІНЖЭКОНе, КФ Петр ДУ. Жанаты, мае сына.

Глазкоў Уладзімір Мікалаевіч, кандыдат фізіка-матэматычных навук. Нарадзіўся ў 1951 годзе ў в. Лесунова. Закончыў Віцебскі педагагічны інстытут. Працуе вядучым навуковым супрацоўнікам Інстытута фізікі НАН Беларусі. Спецыяліст у вобласці высокіх лазерных тэхналогій, медыцынскай біяфізікі і экалогіі. Аўтар каля 150 навуковых прац у ЗША, Германіі, Югаславіі, Японіі, Швецыі. Мае 18 аўтарскіх пасведчанняў аб вынаходніцтве.

Грыгянец Рамуальд Браніслававіч, кандыдат матэматычных навук, дацэнт. Нарадзіўся ля Мягун (зараз Камайскі с/с). Закончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт, аспірантуру. Працуе ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 1999 годзе — намеснік дырэктара навукова-інжынернага прадпрыемства «Інфармацыйныя тэхналогіі» НАН Беларусі. З 2012 года — загадчык лабараторыяй Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі.

 

Карабёнак Яўген Веніямінавіч, кандыдат фізіка-матэматычных навук. Нарадзіўся ў 1939 г. у в. Верацеі. Вучыўся ў розных школах Пастаўскага і Глыбоцкага раёнаў. У 1955 г. паступіў у БДУ, які скончыў у 1960 г. з чырвоным дыпломам і быў пакінуты ў аспірантуры БДУ. У 1963 г. быў накіраваны старшым выкладчыкам у Магілёўскі педінстытут. У 1965 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму: «Да геаметрыі гіперпаверхняў у праектыўнай чатырохмернай прасторы». У 1967 г. абраны на пасаду дацэнта, а ў 1968 г. зацверджаны ў навуковым званні дацэнта. У 1973 г. абраны загадчыкам кафедры алгебры і геаметрыі. У 1978 г. абраны па конкурсу загадчыкам кафедры геаметрыі і матаналіза Віцебскага педінстытута (з 2001 г. — універсітэта). У 2003 г. выйшаў на пенсію. Адразу пасля абароны дысертацыі пачаў займацца даследаваннямі геаметрыі двухмерных паверхняў індэфінітнай метрыкі ў псеўдаэўклідавых прасторах рознай размернасці, дзе быў атрыманы шэраг цікавых рэзультатаў. У межах гэтай тэматыкі пад кіраўніцтвам Яўгена Веніамінавіча ў 1973 г. была абаронена кандыдацкая дысертацыя. З’яўляецца суаўтарам дзвюх кніжак: гутаркі для школьнікаў «Ці заўсёды 2×2=4?» і «Колькі бакоў у паверхні?» і аўтарам ці суаўтарам звыш 50 артыкулаў. Часта чытаў лекцыі для настаўнікаў па лініі ІУН і ў раёнах, а таксама лекцыі па лініі таварыства «Веды».

 

Каралёнак Генадзь Антонавіч, беларускі вучоны-эканаміст. Доктар эканамічных навук, прафесар. Нарадзіўся 17 студзеня 1951 года ў вёсцы Лапухоўка Поставского раёна. У 1968 годзе закончыў Навагрудскі гандлёва-эканамічны тэхнікум, у 1973 годзе — Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя В.В. Куйбышава па спецыяльнасці «Таваразнаўства і арганізацыя гандлю харчовымі таварамі». З 1974 года працуе ў БДІНГ-БДЭУ. Пачынаў асістэнтам на кафедры кіравання прадпрыемствамі гандлю, затым быў старшым выкладчыкам, дацэнтам, прафесарам, загадчыкам кафедрай, намеснікам дэкана фа¬культэта, прызначаўся дырэктарам Кансалггандльцэнтра, прарэктарам па вучэб¬най рабоце. З 2006 года — прарэктар па навуковай рабоце. У 1980 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, у 1988 годзе атрымаў атэстат дацэнта. Абарона доктарскай дысертацыі адбылася ў РЭА імя Г.В. Пляханава (1993 г.). Прафесар (1995 г.). Мае ганаровае званне «Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь» (2003 г.). Аўтар больш 120 навуковых, вучэбных, метадычных выданняў, у тым ліку трох падручнікаў.

 

Лоўкіс Віктар Баляслававіч, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт, дэкан аграмеханічнага факультэта . Выпускнік 1989 года Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі па спецыяльнасці «Механізацыя сельскай гаспадаркі». У 2000 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, у 2003 годзе прысвоена званне дацэнта. За час працы Лоўкіс В.Б. у сааўтарстве апублікаваў 2 даведнікі, канспект лекций, 12 метадычных указанняў, 86 навуковых прац, атрымаў 3 патэнты на вынаходніцтвы, 5 патэнтаў на карысную мадэль.

 

Лоўкіс Зянон Валянцінавіч, генеральны дырэктар Навукова- практычнага цэнтра НАН Беларусі па харчаванню. Доктар тэхнічных навук, прафесар. Вядомы навуковец у вобласці гідраўлікі і гідрапрывада, праблем механізацыі АПК, новых тэхналогій перапрацоўкі сыравіны, машын і апаратаў для харчовай прамысловасці. Нарадзіўся 05.10. 1946 года ў в. Мажэйкі Пастаўскага раёна. У 1971 г. закончыў Маскоўскі інстытут інжынераў сельскагаспадарчай вытворчасці імя В.П. Гарачкіна, а ў 1974 г. аспірантуру (там жа). Доктар тэхнічных навук, прафесар. Працаваў інжынерам-механікам к-са ім. Мічурына Пастаўскага раёна, асістэнтам, старшым выкладчыкам, дацэнта Маскоўскага інстытута інжынераў сельскагаспадарчай вытворчасці ім. В. Гарачкіна, загадчыкам кафедры БДАТУ, начальнікам галоўнага ўпраўлення навукі, адукацыі і кадраў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, начальнікам галоўнага ўпраўлення канцэрна «Белдзяржхарчпрам», генеральным дырэктарам НДІ харчовых прадуктаў. З 2006 г. — генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванню. У 2009 г. З.В. Лоўкіс абраны членам-карэспандэнтам НАН Беларусі па спецыяльнасці 05.18.00 «Тэхналогія харчовых прадуктаў», а ў 2010 г. замежным членам Расійскай акадэміі сельскагаспадарчых навук. З.В. Лоўкіс — аўтар больш 350 кніг, навукоых прац і артыкулаў, у т.л. 75 патэнтаў на вынаходніцтва.

 

Масцяніца Уладзімір Станіслававіч, кандыдат матэматычных навук. Нарадзіўся ў 1946 годзе ў г. п. Лынтупы Пастаўскага раёна. У 1964 годзе закончыў вучобу ў Лынтупскай сярэдняй школе. Вышэйшую адукацыю атрымаў на матэматычным факультэце (1964-1969 гг.) БДУ. У 1983 гозе абараніў кандыдацкую дысертацыю па спецыяльнасці — вылічальная матэматыка. Працаваў асістэнтам Вылічальнага цэнтру БДУ, старшым выкладчыкам факультэта прыкладной матэматыкі, старшым выкладчыкам матэматычнага факультэта, дацэнтам факультэта прыкладной матэматыкі. З 1999 года — дацэнт кафедры эканамічнай інфарматыкі і матэматычнай эканомікі эканамічнага факультета БГУ. Аўтар 43 навуковых і навукова-метадычных прац.

Міхасёнак Алег Якаўлевіч, кандыдат тэхнічных навук. Дацэнт. Нарадзіўся ў 1941 г. у в. Кадукі. Закончыў Ступінскі авіяцыйна-металургічны тэхнікум, Маскоўскі авіяцыйны тэхналагічны інстытут імя К. Цыялкоўскага (МАТІ), аспірантуру пры МАТІ. Працаваў у МАТІ: інжынер-даследчык, малодшы, старшы навуковы супрацоўнік, начальнік лабараторыі. 3 1993 г. працуе ў канструктарскім бюро «Аметыст», займаецца педагагічнай работай. Сааўтар больш за 70 навуковых прац, рэдактар інфармацыйнага бюлетэня «Палімерныя матэрыялы».

 

Несцяровіч Серафіма Руфінаўна, кандыдат эканамічных навук. Нарадзілася 14 кастрычніка 1935 г. у в. Валодзькі Пастаўскага раёна. Пасля заканчэння школы ў 1953 г. паступіла ў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя В.В. Куйбышава. Пасля інстытута спачатку працавала ў адным з аддзелаў галоўнага статыстычнага кіравання Маладзечанскай вобласці, адкуль была пераведзена на працу ў Міністэрства статыстыкі і аналізу. Праз некаторы час інстытут народнай гаспадаркі спачатку прапанаваў Серафіме Несцяровіч прачытаць некалькі лекцый для студэнтаў вячэрняга аддзялення, а потым – выкладчыцкае месца ў інстытуце. У выніку Серафіма Руфінаўна 40 гадоў адпрацавала ў інстытуце, 30 з якіх – дацэнтам. Выкладала ў двух універсітэтах: БДЭУ і БДУ. Адначасова скончыла аспірантуру пры Леніградскім фінансавым інстытуце і прайшла стажыроўку ў Варшаве на вышэйшых эканамічных курсах. Абараніла кандыдацкую дысертацыю. Серафіма Руфінаўна – аўтар шматлікіх навуковых работ, манаграфій, дапаможнікаў, падручнікаў, адзначана Дзяржаўнай прэміяй Міністэрства асветы, Ганаровымі граматамі камітэта па статыстыцы, падзякамі рэктара. Па падручніках, выдадзеных пад яе рэдакцыяй, займаюцца сённяшнія студэнты Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Пасля выхаду на пенсію Серафіма Руфінаўна жыла ў Паставах. Памерла ў 2013 г.

 

Пупкевіч Віктар Раманавіч, доктар філасофіі біятэхналогіі. Нарадзіўся 30 ліпеня 1977 г. у в. Казлы Пастаўскага раёна. З 1984 г. вучыўся спачатку ў Ясеўскай, а потым у Нарацкай СШ № 1, якую скончыў у 1994 г. са срэбным медалём. У 1999 г. закончыў хімічны факультэт БДУ і адразу паступіў у аспірантуру БНТУ. У 2002-2004 гг. працаваў у УП «Унітэхпрам БДУ» на пасадзе навуковага супрацоўніка і ў Цэнтры харчовых дадаткаў на пасадзе намесніка дырэктара па навуковай працы. Працягваў адукацыю ва Універсітэце Заходняга Антарыа (Канада). Спачатку атрымаў дзве ступені магістра са спецыялізацыяй у біятэхналогіі ў 2007 г. і 2008 г. А затым у 2015 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю. Пупкевіч Віктар з’яўляецца суаўтарам 32 публікацый у навуковых часопісах і матэрыялах канферэнцый, у тым ліку 2-х патэнтаў. З’яўляецца дзейным членам «Таварыства прафесійных інжынераў правінцыі Антарыа», «Канадскага хімічнага таварыства», «Канадскага таварыства хімічнай тэхналогіі», «Амерыканскага хімічнага таварыства» і «Міжнароднага саюза чыстай і прыкладной хіміі» (IUPAC). З’яўляецца рэцэнзентам шэрагу прэстыжных навуковых часопісаў у вобласці электрахіміі, крыніц энергіі і біятэхналогіі. У цяперашні час займаецца даследчай працай на кафедры біятэхналогіі Універсітэта Заходняга Антарыё ў галіне біялагічных паліўных элементаў.

Садоўскі Антон Паўлавіч, доктар фізіка-матэматычных навук. Нарадзіўся 7 лютага 1944 г. у в. Красняны Мядзелскага раёна. У 1961 г. скончыў Варапаеўскую школу і паступіў на матэматычны факультэт БДУ. У 1966 г. паступіў у аспірантуру БДУ па спецыяльнасці «дыферэнцыйныя ўраўненні». У 1969 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю «Устойлівасць рашэнняў некаторых сістэм дыферэнцыйных ураўненняў». У 1975 г. атрымаў навуковае званне дацэнта. У 1996 г. абараніў доктарскую дысертацыю «Праблема цэнтра і фокуса для аналітычных дыферэнцыйных сістэм». У 2006 г. атрымаў навуковае званне прафесара. У 1967-1982 гг. працаваў малодшым супрацоўнікам, старшым выкладчыкам, дацэнтам кафедры вышэйшай матэматыкі і матэматычнай фізікі фізічнага факультэта БДУ. У 1982-1999 гг. працаваў загадчыкам кафедры матэматычнага аналізу, дацэнтам, прафесарам кафедры матэматычнага аналізу матэматычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1999 г. працуе прафесарам кафедры дыферэнцыйных ураўненняў механіка-матэматычнага факультэта БДУ. Падрыхтаваў 5 кандыдатаў навук. Навуковыя зацікаўленасці: якасная тэорыя дыферэнцыйных ураўненняў, праблема адрознення цэнтра і фокуса, камп’ютарная алгебра. Дысцыпліны выкладання: дыферэнцыйныя ўраўненні, камп’ютарная матэматыка, якасная тэорыя двухмерных дынамічных сістэм, дынамічныя сістэмы, камп’ютарнае мадэляванне і іншыя.

Таразевіч Сяргей Яўгенавіч, кандыдат тэхнічных навук. Нарадзіўся ў 1965 г. у Паставах. У 1987 г. з адзнакай скончыў камандна-інжынерны факультэт Рыжскай вышэйшага вайскова-палітычнага вучылішча, а ў 1996 г. — камандны факультэт Ваеннай акадэміі імя Ф.Э. Дзяржынскага. С.Я. Таразевіч за больш чым 27 гадоў вайсковай службы паслядоўна прайшоў у ракетных частках шлях ад інжынера групы да начальніка штаба — намесніка камандзіра ракетнай дывізіі. У перыяд вайсковай службы набыў значны вопыт кіравання часткамі і злучэннямі РВСП. На працягу 15 гадоў нёс баявое дзяжурства. Вайсковае званне «падпалкоўнік» яму было прысвоена датэрмінова. У 2002 г. С.Я. Таразевічу прысвоена вайсковае званне «палкоўнік». З ліпеня 2005 года з’яўляўся намеснікам начальніка 4 ЦНДІ Мінабароны Расіі. У складаны перыяд часу, звязаны з рэфармаваннем Узброеных сіл, зрабіў значны асабісты ўклад у захаванне навуковага патэнцыялу інстытута. Загадам Камандуючага Ракетнымі войскамі стратэгічнага прызначэння ад 5 лютага 2010 г. начальнікам 4-га Цэнтральнага навукова-даследчага інстытута Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі прызначаны Таразевіч Сяргей Яўгенавіч. З’яўляецца кандыдатам тэхнічных навук. За адзнаку ў службе С.Я. Таразевіч узнагароджаны ордэнам «Пашаны» і многімі медалямі. Жанаты. Выхоўвае сына і дачку.

 

Уласюк Уладзімір Матвеевіч, акадэмік касманаўтыкі. Нарадзіўся ў 1946 г. у Паставах. Дзіцячыя гады прайшлі ў Маскве і Чыце, дзе Ўладзімір скончыў школу, пасля якой паступіў у Маскоўскае вышэйшае тэхнічнае вучылішча імя Н.Э. Баўмана. Пасля заканчэння вучылішча Уласюк У.М. пайшоў працаваць інжынерам ва Ўсесаюзны навукова-даследчы інстытут крыягеннага машынабудавання, адкуль яго у званні лейтэнанта ў 1970 г. забралі ва Ўзброенныя сілы. У 1975 г. Уласюк У.М. быў пераведзены на працу ў Галоўнае ўпраўленне касмічных сродкаў Міністэрства абароны. Там ён паступіў вучыцца ў Ваенную інжынерную акадэмію імя Ф.Э. Дзяржынскага. Пасля заканчэння працаваў старшынёй дзяржаўных і міжведамственых камісій па аварыях ракетна-касмічнай тэхнікі. У 1994 г. быў прызначаны начальнікам ГУКАС МА. Адначасова атрымаў званне палкоўніка. У 1996 г. пад кіраўніцтвам Уласюка У.М. пачалося будаўніцтва касмадрома «Свабодны», з якога ў перыяд з 1997 г. да 2006 г. было ажыццёўлена 5 запускаў касмічных апаратаў. Уласюк У.М. быў прызначаны намеснікам камандуючага Вайскова-касмічнымі сіламі РФ і заставаўся на гэтай пасадзе аж да ліквідацыі ВКС. Уладзімір Матвеевіч з’яўляецца акадэмікам Расійскай акадэміі касманаўтыкі імя К.Э. Цыялкоўскага, Заслужаным выпрабавальнікам касмічнай тэхнікі. Узнагароджаны шматлікімі ордэнамі, медалямі і іншымі знакамі адрознення. Мае званне генерала-лейтэнанта.

 

Ціванаў Міхаіл Сяргеевіч, кандыдат фізіка-матэматычных навук. Нарадзіўся ў 1981 г. у г. Горкі Магілёўскай вобласці. У тым жа годзе сям’я пераехала ў в. Кейзікі Пастаўскага раёна. З 1987 г. да 1998 г. вучыўся ў Варапаеўскай СШ. У 2003 г. скончыў фізічны факультэт БДУ па спецыяльнасці «фізіка». У 2004 г. скончыў магістратуру фізічнага факультэта БДУ. З 2004 г. да 2007 г. вучыцца ў аспірантуры кафедры энергафізікі БДУ, пасля чаго застаецца працаваць на кафедры на пасадзе младшага навуковага супрацоўніка. У 2008 г. пасля абароны дысертацыі атрымлівае навуковую ступень кандыдата фізіка-матэматычных навук. У 2010-2014 гг. працуе на пасадзе намесніка дэкана фізічнага факультэта БДУ па навуковай працы. З 2014 г. працуе загадчыкам кафедры энергафізікі БДУ. У 2015 г. атрымаў навуковае званне дацэнта па спецыяльнасці «фізіка». У навуковыя інтарэсы ўваходзяць: фотавальтаіка, матэрыялы і структуры геліаэнергетыкі і оптаэлектронікі, графен і графенападобныя структуры. Мае 2 манаграфіі, 1 вучэбны дапаможнік, 2 патэнты, больш 70 артыкулаў у энцыклапедыях, беларускіх і замежных навуковых часопісах. З’яўляўся кіраўніком або адказным выканаўцам 7 праектаў па Дзяржаўных праграмах навуковых даследванняў і 3 дамоваў з Беларускім дзяржаўным фондам фундаментальных даследаванняў. Быў прызначаны сакратаром ХІ Міжнароднай навукова-метадычнай канферэнцыі «Сучасны фізічны практыкум» у 2010 г. і з’яўляецца членам розных навуковых саветаў.

 

 

 

 

 

 

 

Оставьте комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *