Вядомыя людзі Пастаўшчыны. Медыцына.

 

Вілейта Пётр Альфонсавіч, кандыдат медыцынскіх навук. Нарадзіўся 19 чэрвеня 1959 г. у г. Паставы. Пасля заканчэння СШ № 2 у 1976 г. паступіў у Віцебскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. Адтуль у 1981 г. перайшоў вучыцца ў Куйбышаўскі медыцынскі інстытут на вайскова-медыцынскі факультэт. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі з 1983 г. служыў у РСФСР, спачатку ў г. Обь, а потым у г. Омск начальнікам медыцынскай службы палка. У 1989-1991 гг. вучыўся ў Ваенна-медыцынскай акадэміі імя С.М. Кірава ў г. Санкт-Пецярбург, пасля чаго працаваў малодшым і старшым навуковым супрацоўнікам Навукова-даследчага цэнтра Штаба тылу Узброенных Сіл РФ. У 1994 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю, якая была прысвечана пытанням тэхнічнага абсталявання медыцынскіх фарміраванняў для ліквідацыі тэхнагенных катастроф. Мае 45 навуковых прац, 20 з якіх друкаваныя. Тэматыка прац звязана з пытаннямі развіцця і прымянення тылу УС РФ, вайскова-эканамічнага абгрунтавання мерапрыемстваў па будаўніцтву УС РФ і вайсковага бюджэту, мадэляванне працэсаў медыцынскага забеспячэння УС і ацэнкі эфектыўнасці дзейнасці медыцынскай службы. У 1998-2000 гг. працаваў старшым выкладчыкам кафедры кіравання і эканомікі вайсковай аховы здароўя Ваенна-медыцынскай акадэміі. У 2000 г. звольніўся з шэрагаў УС РФ у званні палкоўніка медыцынскай службы. З таго часу працуе ў камерцыйных арганізацыях на кіруючых пасадах.

 

Дарафееў Барыс Фёдаравіч, доктар медыцынскіх навук. Нарадзіўся 23 лютага 1950 г. у сялянскай сям’і ў в. Астаноўка Шаркаўшчынскага раёна. Пасля заканчэння Варапаеўскай СШ паступіў у Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі інстытут, які скончыў у 1974 г. Потым да 1984 г. працаваў асістэнтам на кафедры фармакалогіі гэтага інстытута. Там жа ў 1980 г. пад кіраўніцтвам яшчэ аднаго выпускніка Варапаеўскай школы, члена-карэспандэнта АН Беларусі Майсяёнка А.Г., Барыс Фёдаравіч абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1994 г. Дарафееў Б.Ф. абараніў доктарскую дысертацыю ў галіне даследаванняў таксікалагічных і фармакакінетычных уласцівасцяў вытворных пантатэнавай кіслаты. У 1995 г. атрымаў званне прафесара. З’яўляецца аўтарам больш 100 навуковых публікацый. Навуковыя даследаванні ў асноўным прысвечаны фармакакінетычным і фармакадынамічным асаблівасцям вытворных пантатэнавай кіслаты, эксперыментальна-клінічнаму вывучэнню пікамілона. У 90-х гг. пераехаў у Гомель, дзе ўзначаліў кафедру фармакалогіі Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. З’яўляўся членам рэдкалегіі часопіса «Вестник фармации» і Прэзідыума рэспубліканскага таварыства фармаколагаў, старшынёй Гомельскага таварыства фармаколагаў, членам фармакалагічнага камітэта Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Дарафееў Барыс Фёдаравіч памёр у 2002 г.

 

Залуцкі Іосіф Віктаравіч, прафесар, доктар медыцынскіх навук. Нарадзіўся 5 верасня 1950 г. у в. Мумішкі Камайскага с/с Пастаўскага раёна. У 1969 г. закончыў Маладзечненскае медыцынскае вучылішча. У 1978 г. з адзнакай закончыў лячэбны факультэт Мінскага медыцынскага інстытута. Працаваў клінічным ардынатоарам, урачом-радыёлагам радыёлагічнага аддзялення Навукова-даследчага інстытута анкалогіі і медицинской радыялогіі Міністэрства аховы здароўя БССР (1978–1982). Пасля заканчэння аспірантуры (1982–1985) працаваў малодшым, старшым навуковым супрацоўнікам лабараторыі гіпертэрміі і клінічнай тэрапіі (1985–1990), старшым навуковым супрацоўнікам аддзялення рэабілітацыі, кіраўніком, затым вядучым навуковым супрацоўнікам аддзялення рэабілітацыі і брахітэрапіі (1990–1994), загадчыкам аддзялення агульнай анкалогіі і пластычнай хірургіі НДІ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі (1994). У 1986 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю, у 1994 г. — доктарскую. У 2000 г. яму нададзена вучонае званне прафесара. У 2000 г. прызначаны дырэктарам ДУ «НДІ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Н.Н. Аляксандрава». З 1999 па 2007 г. Быў загадчыкам кафедры анкалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. У 2004 г. І. Залуцкі абраны членам-карэспандэнтам НАН Беларусі. На працягу доўгіх гадоў (2001–2009) Іосіф Віктаравіч каардынаваў працу анкалагічнай службы рэспублікі, актыўна займаўся даследаваннямі ў вобласці эпідэміялогіі, прафілактыкі і ранняга выяўлення пухлін. З 15 студзеня 2010 г. працаваў намеснікам акадэміка-сакратара аддзялення медыцынскіх навук НАН Беларусі. З 26 снежя 2010 г. прызначаны дырэктаром ГНУ «Інстытут фізіялогіі» НАН Беларусі. Пад яго кіраўніцтвам абронена 15 кандыдацкіх і 4 доктарскія дысертацыі. Ён аўтар 213 навуковых і навукова-метадычных работ, 4 манаграфій, мае 12 патэнтаў.

Зуйкоў Андрэй Яўгенавіч, кандыдат сельскагаспадарчых навук. Нарадзіўся ў 1954 г. у г.п. Варапаева. Пасля заканчэння ў 1976 г. Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі працаваў у Беларускім навукова-даследчым інстытуце бульбагадоўлі і гароднінагадоўлі старшым лабарантам, малодшым навуковым, навуковым і старшым навуковым супрацоўнікам у аддзеле селекцыі бульбы. З 1978 г. з’яўляўся намеснікам загадчыка аддзела. У 1993 г. пераведзены на працу ў Дзяржаўную камісію па гатункавыпрабаванню сельскагаспадарчых культур на пасаду начальніка аддзела па прыёмцы, рэгістрацыі гатункаў, ахове аўтарскіх дасягненняў, міждзяржаўных і замежных сувязяў. З 1996 г. працаваў на пасадзе намесніка дырэктара па знешнеэканамічных сувязях у ТАА «Рутшаг». З 2003 г. працуе індывідуальным прадпрымальнікам. У цяперашні час практычна завяршыў прадпрымальніцкую дзейнасць. У 1988 г. абараніў навуковую ступень кандыдата сельскагаспадарчых навук па спецыяльнасці селекцыя і насеннегадоўля. Тэма дысертацыі: «Стварэнне зыходнага матэрыялу для вывядзення гатункаў бульбы для прамысловай перапрацоўкі». З’яўляецца аўтарам раянаваных у Расійскай Федэрацыі гатункаў бульбы «Гранат», «Верас», у Рэспубліцы Беларусь — «Скарб», «Дэльфін», «Крыніца».

Лаўрыновіч Альфонс Браніслававіч, заслужаны ўрач БССР. Нарадзіўся 18 чэрвеня 1932 года ў Паставах. Яго бацька, Браніслаў Ануфрыевіч Лаўрыновіч (1890 — 1943 гг.) — сын селяніна. У час Першай сусветнай вайны атрымаў медыцынскую адукацыю, служыў ваенным фельчарам у царскай арміі. Пры Польшчы валадаў невялікай гандлёвай крамай. Маці, Альбіна Вікенцеўна з Рамбальскіх (1890 — 1979 гг.) — дачка гаспадара невялікай пякарні ў Паставах. Хатняя гаспадыня, была выдатнай швачкай. У сям’і было тры дачкі і малодшы сын Альфонс. Маці марыла, каб сын стаў ксяндзом, але ранняя смерць бацькі адыграла вырашальную ролю ў выбары іншай прафесіі. У 1951 годзе закончыўшы амаль на выдатна Пастаўскую рускую сярэднюю школу, паступіў у Мінскі дзяржаўны інстытут, які закончыў з адзнакай. У 1956 годзе падчас праходжання ардынатуры ў Гродна ажаніўся са сваёй аднакурсніцай, ураджэнкай Мядзельшчыны, Леанілай Уладзіміраўнай Русак. 1 жніўня 1957 года сям’я Лаўрыновічаў па размеркаванню прыехала працаваць ва ўчастковую бальніцу ў мястэчка Гальшаны Ашмянскага раёна, дзе Альфонс Браніслававіч заняў пасаду галоўнага ўрача, а Леаніла Уладзіміраўна, як урач-педыятр, стала весці раддом і дзіцячае аддзяленне. З энтузіязмам узяліся за працу Лаўрыновічы. Альфонс Браніслававіч дабіўся пераводу бальніцы ў лепшыя ўмовы: збудавалі дом для амбулаторыі, дзіцячай кансультацыі, прыёмную, зубны, працэдурны і аглядны кабінеты. Потым былі аддадзены пад бальніцу 4 корпусы былога заатэхнікума. База бальніцы значна расшырылася, дасягнула 50 ложкаў. А.Б.Лаўрыновіч быў не толькі выдатным арганізатарам, дасведчаным лечачым урачом першай катэгорыі, уважлівым, чулым чалавекам, але і ўмелым настаўнікам. Сваімі ведамі ён дзяліўся з маладымі калегамі-ўрачамі, якія працавалі ці стажыраваліся ў бальніцы. Праводзілася вялікая прафілактычная работа па папярэджанню захворванняў, працаваў цэнтр санітарнай асветы, санітарныя дружыны школы і саўгаса займалі прызавыя месцы. Карпатлівая праца ўрача была дастойна адзначана дзяржавай. Ганараваны знакамі «Выдатнік санітарнай абароны СССР», «Выдатнік аховы здароўя», «Ганаровы донар СССР», медалём»За доблесную працу ў адзнаменаванне 100-годдзя з дня народзін У.І.Леніна» і медалём Н.І.Пірагова за заслугі ў гуманітарнай дзейнасці. У 1978 годзе прысвоена ганаровае званне»Заслужаны ўрач БССР«. Працаваў да лета 2004 года, ад перанесенага інсульта памёр 13 верасня 2007 года. У сувязі з 80-годзем са дня яго нараджэння 18 чэрвеня 2012 года на будынку Гальшанскай участковай бальніцы ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

Майсяёнак Андрэй Георгіевіч, беларускі вучоны ў галіне біяхіміі, урач, гісторык медыцыны, краязнаўца, грамадскі дзеяч. Біяхімік, вітамінолаг. Член карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2000), доктар біялагічных навук (1997), прафесар (1997). Нарадзіўся 1 чэрвеня 1943года ў Глыбокім. Бацька Георгій Нічыпаравіч — вядомы ў рэгіёне лекар, маці Антаніна Фёдараўна — педагог, біёлаг. Абое абсальвенты Віленскага Універсітэта імя Стэфана Баторыя. З 1948 года пражываў у г.п. Варапаева, куды перайшоў працаваць бацька, дзе і закончыў сярэднюю і музычную школы. У 1965 годзе скончыў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі інстытут . У 1965-1970 гады аспірант, малодшы навуковы супрацоўнік, асістэнт Гродзенскага медыцынскага інстытута. У 1970 — 1980 гг. старшы навуковы супрацоўнік, вучоны сакратар, у 1980-1985 гг. загадчык лабараторыі Аддзела рэгуляцыі абмену рэчываў АН БССР. З 1985 г. супрацоўнік Інстытута біяхіміі АН БССР. У 1992-1996 гг. намеснік дырэктара, у 1996 — 1998 гг. в.а. дырэктара, з 1998 г. загадчык лабараторыі Інстытута біяхіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 2006 загадчык аддзела Інстытута біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Аўтар больш за 450 навуковых прац, 7 манаграфій, 20 патэнтаў і пасведчанняў на вынаходніцтвы. Аўтар шматлікіх артыкулаў па гісторыі медыцыны на Беларусі. Вядзе актыўную грамадскую і краязнаўчую дзейнасць: у 1990 г. быў абраны намеснікам старшыні камісіі Гродзенскага аблсавета па навуцы, культуры і адукацыі, годам раней узначаліў Гродзенскую краязнаўчую асацыяцыю. А. Г. Майсяёнак адзін з ініцыятараў і актыўных удзельнікаў традыцыйных Браслаўскіх і Навагрудскіх краязнаўчых чытанняў, канферэнцый «Наш радавод», якія праводзяцца штогод на Гродзеншчыне. Быў старшынёй аргкамітэта міжнародных гісторыка-краязнаўчых чытанняў у Лідзе (1993 г.), адзін з заснавальнікаў беларускага фонду А. Міцкевіча. 3 1991 г. актыўна займаецца стварэннем нацыянальнага фонду рукапісаў, старадрукаў, рэдкай кнігі і перыёдыкі імя Я. Храптовіча. За сваю паспяховую навуковую і грамадскую дзейнасць А. Г. Майсяёнак быў узнагароджаны медалём «За працоўную адзнаку». Ён лаўрэат міжнароднай польскай прэміі за беларуска-польскае супрацоўніцтва ў галіне культуры. Да свайго 60-гадовага юбілею атрымаў (адначасова з пісьменніцай Вольгай Іпатавай) прэмію Барыса Кіта, якая была ўручана на юбілейнай вечарыне 30 мая ў Гродне, у сценах старажытнага замка.У сувязі з юбілеем А. Г. Майсяёнак атрымаў ганаровае званне міжнароднага біяграфічнага інстытута «Чалавек года — 2003».

 

Майсяёнак Георгій Нічыпаравіч, хірург. Нарадзіўся 7 красавіка (н.ст,) 1912 года ў вёсцы Нарач (зараз Вілейскі раён) у сям’і настаўніка царкоўна-прыхадской школы. Сям’я пражывала спачатку ў Барунах (Ашмяншчына), дзе бацька працаваў аканомам мясцовай настаўніцкай семінарыі, а падчас Першай сусветнай вайны разам з семінарыяй прышлося эвакуіравацца ў мястэчка Вілебічы Ноўгарадскай губерні. Тут перажылі рэвалюцыю, бальшавіцкі тэрор, паслярэвалюцыйны голад , ад якога цяжка захварэла і памерла маці Георгія. Вельмі дапамаглі глыбоцкія дзядзькі Афрыкан і Мікалай, якія забралі асірацелых дзяцей і іх бацьку, які ў той час быў святаром. Неўзабаве сям’я пераехала на Пастаўшчыну ў вёску Андроны, дзе айцец Нічыпар атрымаў прыход . 10-годдзе Георгія адзначылі ў Сцефанпальскім прыходзе, што на Дзісненшчыне. Тут айцец Нічыпар перабудаваў царкву і, карыстаючыся павагай мясцовага духавенства, стаўся Дзісненскім благачынным. Пасля няўдалай спробы навучання ў Віленскай духоўнай семінарыі, юнак Георгій пачаў вучобу ў дзяржаўнай польскай гімназіі ў Дзісне, якую скончыў у 1922 годзе. У 1923 годзе паступіў у Віленскі Універсітэт імя Стэфана Баторыя спачатку на юрыдычны, а ў 1924 годзе на медычны факультэт. Пасля атрымання дыплома і непрацяглай працы ў Віленскім шпіталі імя Св. Якуба, малады доктар ук 1940 годзе вырашае эміграваць з буржуазнай Літвы ў Савецкую Беларусь. Гэта значыць да бацькі, нявесты, да родных мясцін. Але ніхто яго не чакае на Дзісеншчыне, апрача родных людзей. Новай уладзе не патрэбны доктар з польскім дыпломам, тым больш сын папа. Аднак неўзабаве на Глыбоччыне ўзнік новы раён — Пліскі і там быў патрэбны лекар ў раённы шпіталь, які знаходзіўся ўмястэчку Лужкі. Там працаваў вядомы на ўсю Віленшчыну доктар Шыран і вось з ім і давялося працаваць маладому лекару і шмат чаму навучыцца. Тут, у Лужках пачала сваё сумеснае жыццё маладая сям’я Майсяёнкаў. Жонка Антаніна ў 1940 годзе пачала працаваць завучам Лужкоўскай сярэдняй школы, дарэчы разам са славутым Язэпам Драздовічам. Подых новай нямецкай навалы адчулі раптоўна. На другі дзень вайны згодна даносу партыйнага работніка ў НКУС быў арыштаваны і расстраляны ў беразвецкім канвоі доктар Шыран, як і шмат іншых спецыялістаў і інтэлігентаў з польскіх часоў. Настаў час нямецка-фашысцкага навалы. Маладая сям’я вырашыла пераехаць у Глыбокае, дзе мелася магчымасць зарабіць на хлеб. Спачатку займаўся прыватнай практыкай, працаваў у Галубіцкай амбулаторыі, нарэшце атрымаў пасаду хірурга ў Глыбоцкім шпіталі. Жыццё ў Глыбокім пастаянна пагаршалася. 1 чэрвеня 1943 года нарадзіўся сын Андрэй, але хутка доктар Георгій за нязгоду працаваць доктарам у паліцыі ў 24 гадзіны быў высланы за межы Глыбокага. Акупацыйныя ўлады месцам высылкі прызначылі суседні раён. Тут, у мястэчку Пліса працаваў у паліклініцы паміж калючым дротам і лесам, адкуль мясцоваму гарнізону не давалі спакою партызаны. Узімку 1944 года перавялі на працу ў знаёмыя Лужкі, дзе і сустрэў прыход Чырвонай Арміі. Адшукаў жонку і сына ў сям’і дзядзькі Афрыкана і вярнуўся ў Глыбокае. Але савецкая ўлада, якая ізноў усталявалася, не знайшла месца працы, таму падлягаў прызыву ў армію, як радавы. На шчасце Георгія Нічыпаравіча маршавы батальён пачаў размяшчацца менавіта на сядзібе цесця ў Шаркоўшчынскім раёне. Вельмі хутка пра гэта перадалі раённай уладзе і, неўзабаве, партызанскі камандзір і фельчар Цемахаў павёз на кані знойдзенага доктара ў Шаркоўшчыну. Гэта быў час эпідэміі тыфу. Георгій Нічыпаравіч быў прызначаны Дзяржінспектарам раёна і адначасова лекарам-хірургам. З восені 1944 года па зіму 1947 года працаваў за некалькіх. Была спынена эпідэмія, і шмат мясцовых людзей атрымалі ўрачэбную дапамогу. Сябрам па працы стаў былы германавіцкі лекар Мікалай Герасімовіч, з якім падзяліў усе турботы пасляваеннага лекарскага жыцця. Дзякуючы працы ў ваенна- ўрачэбнай камісіі быў узнагароджаны медалём перамогі. Аднак хацелася хірургічнай працы, перспектывы якой у Шаркоўшчыне былі малыя. З гэтай нагоды пераехаў на працу ў Дунілавіцкі раён, дзе ў Варапаеўскай бальніцы адчыніў у 1948 годзе хірургічнае аддзяленне. Тут і працаваў нязменна хірургам (а шмат часу і адзіным хірургам раённай бальніцы) да лета 1976 года. У г.п. Варапаева (да 1959 года раённы цэнтр Полацкай, а пазней Маладзечненскай вобласці) добра ведаюць сям’ю Майсяёнка. Шмат каму дапамог гэты нястомны лекар, ён сумленна і прынцыпова адносіўся да сваёй справы. Былі і непрыемнасці за рэлігійнасць, за схільнасць да традыцый Віленскай школы лекараў, за цвярозы лад жыцця. Шанавалі доктара і яго жонку Антаніну Фёдараўну (шматгадовую выкладчыцу біялогіі Варапаеўскай школы) за павагу да людзей, за добразычлівасць, за рафінаваную інтэлігентнасць. Каб прыстойна выйсці на пенсію, Георгій Нічыпаравіч, адпрацаваўшы 37 гадоў лекарам і ў тым ліку 30 гадоў хірургам, быў вымушаны перайсці на лекарскую пасаду ў дом састарэлых і інвалідаў. Не лепшым чынам склаліся адносіны з калегамі па працы, і ў 1976 годзе сям’я пераехала на сталае жыццё ў Гродна, дзе раней ужо ўладкаваліся сын і дачка. Георгій Нічыпаравіч яшчэ думаў папрацаваць, але абставіны склаліся неспрыяльна. У 1980 годзе ад цяжкай хваробы памерла жонка. Так і застаўся Георгій Нічыпаравіч удаўцом, прысвячаючы свае сілы і памяць дапамозе дзецям і пішучы ўспаміны. Некаторыя з яго матэрыялаў друкаваліся ў перыядычных выданнях, а таксама ў «Краязнаўчай газеце». Памёр Георгій Нічыпаравіч 17 ліпеня 2003 года.

Макарэвіч Веслаў Антоні. Нарадзіўся 13 чэрвеня 1935 годаў Вільні, лекар, навуковец. Сваё раннее дзяцінства, з 1937 года па 1943 год, правёў у Паставах, дзе працаваў яго бацька. У Гданьску з верасня 1945 года. У 1960 годзе закончыў Лекарскай факультэт Гданьскай Медыцынскай Акадэміі (ГМА). У перыяд навучання працаваў на Аддзяленні фізіялагічнай хіміі ГМА, з 1960 года працаваў на Кафедры і Аддзяленні Біяхіміі. З 1964 года — доктар, з 1975 года — доктар навук, з 1988 года — прафесар тытулярны, з 1995 года — прафесар ардынарны. Кіраўнік кафедры медыцынскай біятэхналогіі супольнага Міжнавучальнага факультэта Біятэхналогіі (Гданьскі Універсітэт (ГУ) — Гданьская Медыцынская Акадэмія). У 1981 — 1984 гадах прадэкан Лекарскага факультэта, у 1987 — 1993 гадах прарэктар ГМА. З 1993 года першы дэкан Міжнавучальнага факультэта біятэхналагіі (ГУ — ГМА). У 1999 — 2005 гады — рэктар Гданьскай Медыцынскай Акадэміі, у 2002 — 2005 гады старшыня Рады Рэктараў Паморскага ваяводства. На пенсіі з 2005 года, член Рады Фонда Прытулкаў (Хоспісаў) у Гданьску, з 2011 года старшыня праўлення Фундацыі Дапамогі Лекарам- Старэйшынам Акруговай Лекарскай Палаты ў Гданьску. З 2005 года галоўны рэдактар «Газеты ГМА». Спецыяліст у сферы энзымалогіі, амоніогенэзы і метабалізму пурынавых звязак. У перыяд з 1997 — 1999 гадаў кіраўнік European Society for the Study of Purine and Pyrimidine Metabolism in Man. З 1990 года член-заснавальнік Lions Club Gdańsk Neptun, у 1995–1996 і ізноў у 2008–2009 гадах губернатар Акругі 121 Polska, Lions Clubs International. Узнагароджаны ардэнамі: «Крыж Кавалерскі Адраджэння Польшчы» (1988), «Крыж Афіцэрскі Адраджэння Польшчы» (2005).

Маліноўскі Іосіф Іосіфавіч. Кандадат медыцынскіх навук. Нарадзіўся ў 1940 годзе ў в. Свіраны (Пастаўскі раён). У 1962 годзе закончыў Мінскі медыцынскі інстытут. З 1970 года — хірург, аспірант, малодшы навуковы супрацоўнік, а з 1981 года — старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі гіпертэрміі і комплекснай тэрапіі НЛІ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі. Даследаваў дамінаванне і комплекснае лячэнне хворых на злаякасныя новаўтварэнні з прымяненнем гіпертэрміяных уздзеянняў, рэгіянарны і экстракарпаральны кровазварот. Аўтар 52 науковых прац і 20 рацыяналізатарскіх прапаноў. Памёр у 1994 годзе.

Мурзёнак Пётр Пятровіч (нар. 8 мая 1951, вёска Дунілавічы, Пастаўскі раён, Віцебская вобласць) — беларускі вучоны ў галіне фізіялогіі, доктар медыцынскіх навук (1991). У 1974 годзе закончыў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. З 1974 па 1984 працаваў у Беларускім НДІ пералівання крыві, з 1984 года ў Інстытуце фізіялогіі НАН Беларусі, з 1991 — 98 гг. загадчык лабараторыі. Прафесар. Таксама працаваў загадчыкам кафедры ва Універсітэце Экалогіі ім. Сахарава. Мае 157 навуковых працаў па імунафізіялогіі, нейраімуналогіі, экалагіянай фізіялогіі. З 1998 года жыве і працуе ў Канадзе«. Грамадскі дзеяч беларускай дыяспары. У 2001-2005 гадах быў старшынёй Згуртавання беларусаў Канады (ЗБК). Паэт, публіцыст. Галоўны рэдактар інтэрнэт часопіса «Сакавік» (sakavik.net).

 

Пашко Зыгмунт Станіслававіч, прафесар медыцыны. Нарадзіўся ў 1929 годзе ў мястэчку Кабыльнік Пастаўскага павета. Яго бацька Станіслаў працаваў там настаўнікам ва ўсеагульнай школе. У сям’і Пашко было трое дзяцей — старэйшая дачка Зузанна, Зыгмунт і малодшая Ядвіга. У 1937 годзе бацька быў пераведзены па службе ў павятовае мястэчка Паставы. Там сям’я пражывала на вуліцы Паркавай. У Паставах Сям’ю Пашко застаў выбух вайны. Адразу на пачатку вайны бацька Зыгмунта быў арыштаваны органамі НКУС. У верасні 1941 года бацька (Станіслаў) быў вызвалены і ўступіў у Армію Андэрса. У 1945 годзе маці Зыгмунта з дзецьмі пакінула Віленшчыну і першым эшалонам 1 траўня 1945 года прыехала ў Плоньск. У Плоньску Зыгмунт закончыў агульнаадукацыйныя гімназію і ліцэй, а таксама здаў экзамен на атэстат сталасці. На выбар Гданьска, як горада будучай вучобы на лекара, значны ўплыў напэўна меў кантакт з сям’ёй Макарэвічаў, таму што Ян Макарэвіч як лекар быў гатовы аказаць яму разнародную дапамогу. Сям’я Макарэвічаў таксама рэпатрыіравалася з Паставаў. Зыгмунт у 1948 — 1953 гадах вывучаў медыцыну на Лекарскім факультэце Медыцынскай Акадэміі ў Гданьску, куды быў пераведзены Лекарскі факультэт Віленскага Універсітэта імя Стэфана Баторыя. Падчас вучобы, з 1950 года быў задзейнічаны, як асістэнт у Аддзяленні Фізіялагічнай Хіміі Гданьскай Медыцынскай Акадэміі, якім кіраваў прафесар Уладзімір Мазалоўскі. Пасля атрымання дыплому ў 1953 годзе, Зыгмунт пакінуў Гданьск і спачатку працаваў як асістэнт у Аддзяленні Агульнай Эксперыментальнай Паталогіі Шлёнскай Медычнай Акадэміі ў Забжу, дзе быў доктарам. Потым з лютага 1956 года працаваў у Інстытуце Анкалогіі ў Варшаве. Там застаўся прафесарам і кіраваў вялікай даследчай групай, якая займалася малекулярнай генэтыкай пухлін, і ў асаблівасці ракам грудзей, эксперыментальнай эндакрыналогіяй і анкалогіяй. Быў навуковым кансультантам 8 дактарантаў і навуковым апекуном многім іншым працаўнікам. У 90-х гадах Зыгмунт працаваў некалькі гадоў па кантракце ў Кувейце. Яго сын Андрэй, які нарадзіўся ў 1956 годзе стаў таксама лекарам і працуе ў Цэнтры Анкалогіі Інстытута імя Марыі Складоўскай-Кюры ў Варшаве. Зыгмунт памёр заўчасна, 22 чэрвеня 2006 года, хутка пасля выхаду на пенсію.

Цыбульскі Напалеон Нікодэм, прафесар медыцыны. Нарадзіўся 14 верасня 1854 года ў фальварку Крываносы (зараз Пастаўскі раён, Камайскі с/с), як сын Юзэфа Напалеона гербу «Праўдзіч» і Марцыяны з Гутаровічаў. Закончыў гімназію ў Мінску, а затым навучаўся медыцыне ў Ваенна-Медыцынскай Акадэміі ў Пецярбургу. Дыплом урача атрымаў у 1880 годзе cum eximia laude (з асобай пахвалой). У 1877 — 1885 гадах працаваў у Ваенна-Медыцынскай Акадэміі як асістэнт на кафедры фізіялогіі ў Івана Тарханава. У 1885 годзе атрымаў ступень доктара медыцыны на падставе працы «Исследования над скоростью движения крови посредством фотогемотахометра». У тым самым годзе перавёўся ў Кракаў і пачаў працаваць загадчыкам кафедры фізіялогіі ў Ягелонскім Універсітэце. У 1887 — 88 і 1895 — 96 гадах выконваў функцыі дэкана медыцынскага факультэта, у 1904 — 1905 гады — рэктара, і з 1905 — 1909 гады — прарэктара навучальнай установы. Быў заснавальнікам і стваральнікам кракаўскай фізіялагічнай школы, з 1887 года — карэспандэнтам, а з 31 кастрычніка 1891 года сапраўдным членам Акадэміі Навук. Напалеон Цыбульскі з’яўляецца стваральнікам польскай электраэнцэфалаграфіі і эндакрыналогіі. У 1895 годзе разам з Уладзіславам Шымановічам адкрыў гарманальныя эфекты мазгавога рэчыва наднырачнікаў і ізаляваў адрэналін. Як адзін з першых у 1890 годзе атрымаў запіс электраэнцэфалаграмы (ЭЭГ) кары мозгу. Увёў у медыцыну тэрмін «наднырачнік» ці «наднырачная залоза» для біялагічна актыўных злучэнняў, выдзеляемых з мазгавога рэчыва наднырачнікаў у кроў. Разам з Адольфам Бекам правёў піянерскія ў сусветным маштабе даследаванні электраэнцэфалаграфічных хваляў. Як адзін з першых на свеце зарэгістраваў і апісаў хуткасць лінейнага крывацёку ў соннай і сцегнавай артэрыях. Ініцыяваў у Польшчы даследаванні над гіпнозам. Пры дапамозе сканструяванага Цыбульскім фотагематахометра Анджэй Клісецкі праводзіў у 30 — 40-х гадах вядомыя даследаванні над зменамі крывянога ціску ў залежнасці ад фаз дзеяння скарачэння сэрца. Напалеон Цыбульскі з’яўляецца аўтарам каля 100 навуковых прац. Некаторыя тэзісы, якія змешчаныя ў кнізе Цыбульскага «Аб гіпнозе з фізіялагічнага пункту погляду» дазваляюць залічыць яго да пачынальнікаў канцэпцыі несвядомасці, апераджаючых ідэі Фрэйда. Апрача медыцыны таксама цікавіўся грамадскімі праблемамі, публікуючы на гэту тэму кнігі і артыкулы. Між іншых: «Ці дзяржава і грамадства абавязаны падтрымліваць навуку?» (1895)., «У справе арганізацыі сялянскіх гаспадарак» (1896), «Навука па прычыне вайны» (1918). Быў рашучым прыхільнікам дапушчэння жанчын да медыцынскага навучання. Разам з Одо Буйвідам заснаваў у 1891 годзе першую ў Кракаве жаночую гімназію. У 1916 годзе купіў знакаміты ў Польшчы двор (маёнтак) у Наваёвай Гуры. Памёр 26 красавіка 1919 года ў сваім кабінеце ў Аддзяленні Фізіялогіі Ягелонскага Універсітэта ў выніку інсульта. Быў пасмяротна адзначана Камандорскім Крыжам Ордэна Polonia Restituta.

Юркевіч Алена Станіславаўна, кандыдат медыцынскіх навук. Нарадзілася ў 1961 годзе ў в. Навінкі Пастаўскага раёна. Навуковы супрацоўнік Беларускага навукова-даследчага санітарна-гігіенічнага інстытута.

 

 

Якубоўскі Хасан Мустафавіч, самы вядомы на Пастаўшчыне хірург. Нарадзіўся ў 1938 годзе ў мястэчку Мядзел Пастаўскага павета Віленскага ваяводства ў сям’і патомнага рымара. Бацька — Мустафа Азізавіч, маці — Роза Магаметаўна. Бацьку, як сяржанта кавалерыі запасу ў пачатку верасня 1939 года забралі на фронт, адкуль ён не вярнуўся, і далейшыя звесткі пра яго лёс невядомыя. Падчас вайны згарэла хата і сям’і прыйшлося перабрацца да бабулі ў вёску Баяры, што побач з Мядзелам. Там, у Баярах, Хасан закончыў пачатковую школу, а затым 8 класаў Мядзельскай СШ. Потым сям’я пераехала ў Паставы, дзе ён закончыў Пастаўскую СШ № .2. Першы год пасля заканчэння школы працаваў у Паставах на энергацягніку, а затым паступіў на лекарскае аддзяленне Віцебскага медыцынскага інстытута, які ў 1963 годзе паспяхова закончыў і атрымаў кваліфікацыю хірурга. Адразу пасля заканчэння інстытута ўладкаваўся на працу ў Пастаўскую раённую бальніцу. Спачатку працаваў урачом на хуткай дапамозе, некалькі гадоў кіраваў гэтай службай, а затым перайшоў працаваць у хірургічнае аддзяленне, дзе на працягу дзесяцігоддзя быў загадчыкам аддзялення. Быў хірургам высокай кваліфікацыі, віртуозна валодаў скальпелем, выратаваў жыцці сотням людзей, валодаў дарам урачавання і зайздроснай працаздольнасцю і працавітасцю. Памёр 20 лютага 1997 года (спынілася сэрца), прычым у гэты дзень паспеў зрабіць тры планавыя аперацыі. Пахаваны на татарскім Гірынскім мізары (могілках) пад Мядзелам, дзе знаходзяцца магілы яго сваякоў.

Янковіч Элеанора, прафесар медыцыны. Нарадзілася 11 лістапада 1923 года ў Ласунове, гміна Груздава, Пастаўскага павета. Памерла 2 верасня 2003 года ў Беластоку. Базавую школу закончыла ў Паставах, а ў 1941 годзе перапыніла навучанне ў ІХ класе па прычыне нямецкай акупацыі. Адразу пачала працаваць у Гміннай Дарожнай Адміністрацыі ў Паставах, дзе працаваў яе бацька. Ад ліпеня 1942 года ўкрывалася ад вывазу на прымусовыя работы ў Германію, а пад канец таго года пачала працаваць у інжынера Яна Гурыновіча пры рамонце казармаў. У 1943 годзе знайшла працу ў беларускім Павятовым старостве ў Паставах, а ў 1944 годзе ў Дарожнай Адміністрацыі. Уся сям’я пакінула Віленшчыну і пасялілася ў Ольштынскім ваяводстве (лістапад 1945 г.). Атэстат сталасці атрымала ў 1946 годзе ў Ольштыне. Навучанне ў вышэйшай медыцынскай адукацыйнай установе адбывала ў Гданьску (1946 — 1951 гг.). дыплом атрымала 21 лютага 1952 года, але ўжо ў верасні 1951 года была асістэнткай ў Клініцы Неўралогіі Медыцынскай Акадэміі ў Гданьску. Экзамен І ступені па спецыялізацыі неўралогіі здала ў 1954 годзе, ІІ ступені ў 1958 годзе. У 1960 годзе пасля абароны працы «Дыхальныя рухі пірамідальнай сістэмы пры раннім цэрэбральным паралічу ў дзяцей» атрымала ступень доктара медыцынскіх навук. У 1967 годзе закончыла габілітацыйную дысертацыю » Пірамідальная сістэма і іншыя сістэмы цэрэбральнага параліча ў дзяцей«. Пасля атрымання тытула дацэнта, 1 жніўня 1971 года Элеанора Янковіч з кастрычніка таго ж году заняла пасаду кіраўніка Клінікі Неўралогіі Медыцынскай Акадэміі ў Беластоку. Разам з гэтай пасадай пад яе апекай знаходзіўся Аддзел дзіцячай неўралогіі, які для Элеаноры Янковіч быў базай для навуковай і клінічнай дзейнасці. У 1983 годзе была названа надзвычайным прафесарам, а ў 1990 годзе — звычайным прафесарам. На пенсію пайшла ў 1994 годзе. У 1977 — 1978 гадах была кансультантам па справах неўралогіі Ломжынскага ваяводства, з 1979 да 1982 года рэгіянальным кансультантам па справах неўралогіі Беластоцкага, Ломжынскага, Ольштынскага і Сувальскага ваяводстваў. У 1983 годзе стала членам Нацыянальнай Спецыялізаванай групы па справах неўралогіі. У асноўным публікавала працы са сферы клінічнай неўралогіі. Сярод вядучых даследчых тэмаў былі: пірамідальная сістэма пры цэрэбральным паралічу ў дзяцей, туберкулёзнае запаленне мазгавой абалонкі, хваробы сасудаў мозгу, эпілепсія ў дзіцячыя гады. Выпадкі сіндрому Landau’a-Kleffnera, энцэфалапатыі Kinsbourne’a i сямейнай вонкавай афтальмаплегіі апісала першай у Польшчы. Прафесар Янковіч была аўтарам каля 200 навуковых прац. Яна ажыццявіла шэраг навуковых паездак па краіне і за мяжу. Яны датычылі перадусім дзіцячых інсультаў, між іншым на ІІ Міжнародны Рэабілітацыйны Кангрэс у Дрэздэне (1962), трохмесячны выязд у Garches пад Парыжам (1965 г., стыпендыя Міністэрства Здароўя і Сацыяльнага Забеспячэння). Таксама брала ўдзел у канферэнцыі, якая датычылася сасудзістых хвароб мозгу — у Будапешце (1971) і ў неўрапаталагічных пасяджэннях Інстытута Неўрапаталогіі ў Маскве. У Прагу выехала на ІІ Міжнародны сімпозіум дзіцячай неўралогіі ў 1970 годзе, і на Канферэнцыі дзіцячых неўролагаў у Балгарыі ў кастрычніку 1971 года. Прафесар Элеанора Янковіч была актыўным членам Польскага Неўралагічнага Таварыства, а таксама шмат кадэнцый узначальвала Беластоцкае аддзяленне Польскага Неўралагічнага Таварыства. У 1977 — 1980 гадах выконвала функцыі кіраўніка Беластоцкага аддзялення Секцыі Развіваючай Неўралогіі ПНТ. Належна ацэньваючы навуковыя дасягненні прафесара, яе прызначылі быць членам Сусветнай Неўралагічнай Федэрацыі, а таксама ў камітэт па даследаванню эпілепсіі пры Камітэце Неўралагічных навук ПАН. Працавала ў Рэабілітацыйнай камісіі Камітэту эксперыментальнай тэрапіі і была віцэ-кіраўніком Беластоцкага Аддзялення Польскага Таварыства Змагання з Калецтвам. У 1987-1997 гадах была членам рэдакцыйнай калегіі «Польскай неўралогіі і неўрахірургіі». За дыдактычныя і навуковыя дасягненні атрымала шматлікія рэктарскія ўзнагароды ў перыяд працы ў Гданьску і Беластоку. Была адзначана Кавалерскім Крыжам ордэна «Адраджэння Польшчы», Залатым «Крыжам Заслугі», Ганаровай Адзнакай «За ўзорную працу ў Службе Здароўя», Срэбнай Адзнакай «Заслужаны Беласточчыны», Залатой Адзнакай «Таварыства Змагання з Калецтвам». Прафесар Элеанора Янковіч памерла 2 верасня 2003 года.

 

Оставьте комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *