Вядомыя людзі Пастаўшчыны. Гісторыкі і краязнаўцы.

Арэх Мікалай Уладзіміравіч, краязнаўца, педагог. Нарадзіўся 09. 09. 1971 года ў в. Жоўніца Шаркоўшчынскага раёна. Закончыў гістарычны факультэт Магілёўскага універсітэта. працуе настаўнікам гісторыі ў Гуцкай сярэдней школе Пастаўскага раёна. Сфера інтарэсаў: гісторыя, краязнаўства, педагогіка. Аўтар кніг: «Гута-Голбія», Мінск, «Кнігазбор», 2007, — 88 с. (у суаўтарстве з І. Пракаповічам), «Вёсачкі над Заражанкай», Паставы, «Сумежжа», 2013, — с.; «Рымкі. Вёска на краі вечнасці», Паставы, ТБМ імя Ф. Скарыны, 2014, — 76 с. Стварыў школьны краязнаўчы музей.

 

Аўсейчык Уладзімір Яўгенавіч, кандыдат гістарычных навук. Нарадзіўся 15 студзеня 1985 г. у в. Лучай Пастаўскага раёна. Вучыўся ў Янчукоўскай базавай школе. У 2002 г., пасля заканчэння Дунілавіцкай сярэдняй школы, паступіў у Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт на спецыяльнасць «Гісторыя» (спецыялізацыя «Гісторыя Беларусі»). У 2007 г. скончыў ПДУ з дыпломам з адзнакай, атрымаўшы кваліфікацыю «Гісторык. Выкладчык гісторыі». У 2008 г. абараніў магістарскую дысертацыю на тэму: «Гісторыя і культурныя традыцыі стараверскага насельніцтва Беларускага Падзвіння ў ХІХ — ХХ стагоддзях», за што атрымаў ступень магістра гістарычных навук. У 2008 г. паступіў у аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі (завочная форма навучання па спецыяльнасці 07.00.07 «Этнаграфія, этналогія і антрапалогія»). У 2013 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму: «Эвалюцыя пахавальна-памінальнай абраднасці беларусаў Падзвіння ў ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя». З 2008 г. працаваў выкладчыкам-стажорам, з 2009 г. — выкладчыкам, з 2012 г. — старшым выкладчыкам, з 2014 г. — дацэнтам кафедры айчыннай і ўсеагульнай гісторыі, а з верасня 2014 г. — загадчыкам кафедры архітэктуры Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 2005 г. праводзіць самастойныя палявыя этнаграфічныя даследаванні Падзвіння. Аўтар каля 50 навуковых публікацый. Прыняў удзел у больш чым 20 навуковых канферэнцыях.

 

Быхавец Іосіф Аляксандравіч (23.12. 1915 (5.01. 1916), в. Дрэтунь, Полаччына — ?), краязнаўца. Скончыў Полацкую сямігодку імя Я. Купалы, Полацкае педвучылішча, лінгвістычны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута (1940). Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Юравіцкай НСШ (1936–1940), завучам СШ № 11 г. Полацка, дырэктарам Камайскай НСШ Пастаўскага раёну (1940–22.06. 1941), завучам Лынтупскай НСШ (5.07. 1945–19.11. 1946), дырэктарам Камайскай НСШ (20.11. 1946–48. 1952), завучам, настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Лынтупскай СШ (1952–1981). Жыў у Лынтупах (1952–1979). Краязнаўствам пачаў займацца, працуючы ў школе. Лынтупская школа мела рускую мову навучання, і дзеля таго, каб зацікавіць вучняў беларускай мовай, пачаў знаёміць дзяцей з творчасцю і жыццёвым шляхам пісьменнікаў, з родным краем, гісторыяй Беларусі. Склаў і выдаў летапіс Лынтупаў (1967, 1972). Вынікі краязнаўчай працы па вывучэнні Лынтупаў падсумаваў у кнізе «Лынтупы і наваколле» (1993). Частка матэрыялаў змешчана ў кнізе «Памяць» Пастаўскага раёна. У кнізе «Сеяць душы ў людзях» (2003) аналізуе ўласны вопыт выкладання беларускай літаратуры і мовы, эпізоды з школьнага жыцця, развагі пра дасягненні і хібы педагогікі. Аўтар шэрагу артыкулаў на краязнаўчую тэматыку ў рэспубліканскім і мясцовым перыядычным друку.

 

Вансовіч Анастасія Алегаўна (29.08. 1986, г. Паставы), краязнаўца. Скончыла СШ № 1 г. Паставы. У школьныя гады брала ўдзел у краязнаўчым руху. Аўтар навукова-даследчых прац: «А.С. Юркевіч — навуковец з Пастаўшчыны», «Экалагічная характарыстыка горада Паставы. Складанне экалагічнага пашпарта горада». Сааўтар кнігі «Маньковічы», прысвечанай былому мястэчку на Пастаўшчыне. Тв.: (разам з Пракаповічам І., Заяц І.)» Манькавічы: гісторыка-геаграфічны нарыс«( Паставы: «Сумежжа», 2004. — 60 с.).

 

Гарбінскі Юрый Уладзіслававіч, гісторык. Нарадзіўся ў 7.3.1963 года ў в. Камаі Пастаўскага раёна. Скончыў Камайскую сярэднюю школу, філалагічны факультэт і аспірантуру Мінскага педагагічнага інстытута. Вучыўся ў Кракаве і Варшаве. Доктарскую дысертацыю абараніў у Варшаўскім універсітэце ў 1997 г. Навуковы супрацоўнік Польскай акадэміі навук і ад 2003 г. Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.Зараз працуе ў Люблінскім універсітэце. Займаўся даследваннем жыццёвага і творчага шляху Алеся Гаруна, зараз займаецца вывучэннем беларускага хрысціянскага руху. Склаў анталогію «Беларуская думка ХХ стагоддзя», даведнік «Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ стагоддзя»; укладальнік, аўтар прадмовы і каментарыяў да кнігі «Мікалай Лапіцкі: У служэньні Богу й Беларусі«( разам з В. Кіпелем). Аўтар і каарданатар серыі «Гісторыя беларускага рэлігійнага жыцця». Піша вершы.

 

Гарбуль Аляксандр Васільевіч (1960, г. Роўна, УССР), краязнаўца і літаратар. Дзяцінства і юнацтва правёў на радзіме маці, на Лынтупшчыне. Скончыў школу тэхнікаў ВМФ у г. Ленінград, служыў мічманам на падводных лодках Ціхаакіянскага флота. Працаваў на прадпрыемствах і ўстановах РФ і Рэспублікі Чэхія. Жыве ў Лынтупах. Даследуе гісторыю і культуру краю, аддаючы перавагу вывучэнню сакральных камянёў, дрэваў, каменных крыжоў. Арганізатар і кіраўнік краязнаўча-экалагічнага клуба «Нальшаны», у які ўваходзяць мясцовыя жыхары і вучні Палескай і Лынтупскай СШ. Артыкул (разам з Вінакуравым В., Дучыц Л.) «Гэтыя дзіўныя камяні Пастаўшчыны». Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Пастаўскага раёна. — Мн.: БелТА, 2001. — С. 36–39. Аўтар кніг: «Скарбы сівых валуноў«(Паставы: «Сумежжа», 2002. — 103 с.); «Навэлы і апавяданні» (Паставы : «Сумежжа», 2009, — 72 с.); «Вершы, санеты і паэмкі» (Паставы, «Сумежжа», 2015 — 68 с.).

 

Гіль Міхаіл Нікадзімавіч. Нарадзіўся 12 кастрычніка 1958 года ў Паставах. Вядомы ў рэгіёне грамадскі дзеяч, краязнаўца, выдавец, аўтар і ўкладальнік шматлікіх кніг. Грамадскай і палітычнай дзейнасцю займаецца з 1988 года. Адзін з заснавальнікаў партыі «Беларуская Сацыял Дэмакратычная Грамада», раённай арганізацыі ГА «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны», cтаршыня Праўлення Пастаўскага раённага грамадскага аб’яднання «Экаагратур», сябра Беларускай Асацыяцыі Журналістаў. Рэдактар рэгіянальных часопісаў «Нашы карані» (выйшла 17 нумароў),, «Барвы» (4 нумары), бюлетэня НДА «Крэсы Еўропы». Быў рэдактарам бюлетэня «Краязнаўца Паазер’я» і газеты «Сумежжа» (выйшла 145 нумароў). Абіраўся дэпутатам Пастаўскага гарадскога Савета і Пастаўскага раённага Савета дэпутатаў. Аўтар кніг «Былыя сядзібы і паркі Паазер’я. Пастаўшчына» (2004 г.), а таксама «Былыя сядзібы і паркі Паазер’я. Астравеччына» (2005 г., у сааўтарстве з Тадэвушам Нальшчанам), «Былыя сядзібы і паркі Паазер’я. Мядзельшчына» (2008 г., у сааўтарстве з Янам Драўніцкім). Пераклаў з польскай мовы і выдаў кнігі: Генрыка Жаброўскага «Манаграфія вёскі Міхнічы і ваколіц у Пастаўскім павеце на Віленшчыне» (2005 г. «Сумежжа», Паставы), Францішка Сяліцкага «Даўгінаўска-Будслаўска-Крывіцкі рэгіён на даўняй Віленшчыне» (2009 г., «Сумежжа», Паставы), Яўгеніюша Забелы «Беразвечча ў службе Бога і ў моцы дэманаў» (2011 г., «Сумежжа», Паставы), Отана Гедэмана «Глыбокае» (2012 г.), «Даўнія пушчы і воды» (2012 г.),»Друя — магдэбургскі горад» (2012 г.), «Граф Мануцы» (2013 г.), Каэтан Ражноўскі «Успаміны» — 2 кнігі (2015 г.) — усе «Сумежжа», Паставы.. Укладальнік і перакладчык з польскай мовы тэкстаў кніг «Уланы, уланы — прыгожыя дзеці…» (2012 г., «Сумежжа», Паставы), «Вайсковае асадніцтва на нашых землях» (2014 г., «Сумежжа», Паставы), Honoris causa (1)» Асветнікі і мецэнаты» (2015 г., «Сумежжа», Паставы), » Honoris causa (2)» Талент і сэрца аддалі Палоніі«» (2015 г., «Сумежжа», Паставы.). «Усходняя Віленшчына ў агні» (пра дзейнасць Арміі Краёвой у рэгіёне) — 2 кнігі (2016 г., «Сумежжа», Паставы), «Гэта варта ведаць жыхарам Пастаўшчыны» (2016 г., «Сумежжа», Паставы), «Міфічная Лынтупшчына» краязнаўча-турыстычны даведнік (2017 г., «Сумежжа», Паставы), «Развіццё турызму ў часы ІІ Рэчы Паспалітай на Віленшчыне» — 2 кнігі (2018 г., «Сумежжа», Паставы),«Гартаючы старонкі міжваеннай віленскай прэсы» — 2 кнігі (2018 г.,»Сумежжа«,Паставы). Неўзабаве выйдзе інфармацыйна-турыстычны даведнік «Жамчужына Паазер’я. Пастаўшчына».

 

Громаў Яўген, краязнаўца. Скончыў СШ № 1 г. Паставы. Вывучае чыгункі, у тым ліку і на Пастаўшчыне. Стварыў сайт пра чыгункі. Аўтар першага сайта ў Інтэрнэце пра Паставы. Распрацаваў сайт pastavy.euro.ru, на якім размешчана інфармацыя пра горад, наваколлі, яго жыхароў. Аўтар некалькіх артыкулаў у мясцовым перыядычным друку. Тв.: Гісторыя Манькавіцкай царквы // ПК. — 2001. — № 12. — С. 2; Вузкакалейка Новасвянцяны—Беразвеч.

 

Драўніцкі Іван Пятровіч, педагог, вядомы ў Беларусі краязнаўца. Нарадзіўся 6 мая 1932 года ў вёсцы Гвоздавічы, Камайскай гміны, Свянцянскага павета ў сям’і селяніна-аднаасобніка. Скончыў Пастаўскае педагаічнае вучылішча (1952), Мінскі педагагічны інстытут імя М. Горкага (завочна). Настаўнічаў на Астравеччыне і Мядзельшчыне. Аўтар кніг «Мая Віленшчына» (2004), «Мястэчка пры Полацкім тракце» (2005), «Касцёл у Канстанцінаве» (2005), «Пацеркі хваляў і соснаў бурштын«(у сааўт. 2005), «Былыя сядзібы і паркі Паазер’я (Мядзельшчына)» (у суаўтарстве з М. Гіль) — Паставы, «Сумежжа», 2008; «Прафесар музыкі з Камай» — Паставы, «Сумежжа». 2008, — 24 с.; «Смарагдавы край» — Мінск,, 2011. — 184 с.; «Спадчына Міжазер’я» (даведнік) 2013 г.; «Тутэйшая» (Гелена Ромер-Ахенкоўская) — Паставы, «Сумежжа», 2013; «Мастакі з дынастыі Ромераў» — Паставы, «Сумежжа», 2013, «У мядзведжым кутку» — Паставы, «Сумежжа», 2015,- 112 с.; «На правабярэжжы Страчы» — Паставы, «Сумежжа», 2015, — 100 с.; «Наваколле Сарачанскіх азёр» — Паставы, «Сумежжа», 2015, — 100 с. Укладальнік зборнікаў «Легенды Нарачанскага краю» (2007), «Легенды і паданні Нальшчанскага Паазер’я» — Паставы, «Сумежжа», 2015, — 108 с.; разам з Т. Якубоўскай кнігі «Мы з Іманам жывём на зямлі Беларусі» — Мінск, «Тэхналогія», 2015, — 140 с.; «Мы памятаем! Мы ганарымся!» 2015 г. Аўтар шматлікіх артыкулаў у кнігах «Памяць» Астравецкага, Мядзельскага і Пастаўскага раёнаў. У перыядычным друку надрукаваў шэраг літаратуразнаўчых артыкулаў. Жыве ў в. Камарова Мядзельскага раёна.

 

Дылянгова Ганна (дзявочае прозвішча Манькевіч), вядомы польскі гісторык і даследчык падзеяў ХІХ і ХХ стагоддзяў. Нарадзілася 18 верасня 1928 года ў Жырардове (Польшча). Сваё дзяцінства з 1932 года да 1940 года правяла ў Паставах, дзе яе бацька Людвік Манькевіч займаў пасаду каменданта дзяржаўнай паліцыі Пастаўскага павета. Выпускніца гістарычнага факультэта Варшаўскага універсітэта (1950), дактарантуры (1967), габілітацыі (1977). З 1950 года звязана з Люблінскім Каталіцкім Універсітэтам: у 1950 — 1952 гг. старшы асістэнт кафедры гісторыі польскай культуры. У 1969 — 1987 гадах ад.юнкт ІІ кафедры сучаснай гісторыі, у 1979 годзе — дацэнт, у 1991 годзе — надзвычайны прафесар, з 1992 года — звычайны прафесар. У 1978 — 1990 годах выкладала ў рамках Клуба Каталіцкай Інтэлігенцыі ў Варшаве. Галоўныя накірункі навуковых даследаванняў гэта: гісторыя ўніяцкай царквы, а таксама гісторыя Расіі і ўсходніх зямель Рэчы Паспалітай ХІХ — ХХ стагоддзя.

 

Жаброўскі Генрык, краязнаўца. Нарадзіўся 3 сакавіка 1923 года ў вёсцы Міхнічы Пастаўскага павета Віленскага ваяводства. Бацька, Блажэй Жаброўскі, з чатырох пакаленняў жыхар Міхніч. Маці, Паўліна з Радзюшаў, нарадзілася ў вёсцы Хацілкі над возерам Свір, ва ўзросце 12 гадоў у 1890 годзе з бацькамі пераехала ў новакуплены фальварак Марыямпаль каля Лучая. Бацькі пабраліся шлюбам у 1900 годзе. Генрык быў малодшым у сям’і, акрамя яго было яшчэ чацвёра дзяцей. Пасля заканчэння пачатковай школы вучыўся ў Пастаўскай гімназіі. Да вайны скончыў два класы. Са студзеня 1940 года перастаў хадзіць у школу, бо трэба было працаваць на зямлі. У часы нямецкай акупацыі быў звязаны з польскім партызанскім атрадам «Бура» Віленскага аддзела Арміі Краёвай, якім камандаваў падпаручнік Антоні Бужынскі. Пасля прыходу Чырвонай Арміі быў мабілізаваны ў яе рады і служыў спачатку ў чыгуначных войсках — «будбаце». У канцы 1944 года патрапіў у атрады Народнага Войска Польскага генерала Берлінга, з якімі прайшоў баявы шлях ад Віслы да Эльбы. Пасля вайны некаторы час служыў у войсках аховы пагранічча. У кастрычніку 1946 года звольнены ў запас і асеў у Шчэцыне пры рэпатрыяванай сям’і брата. Там здаў экзамен на атэстат сталасці, а затым паступіў у Варшаўскую Палітэхніку на аддзяленне Воднага будаўніцтва са спецыялізацыяй «гідралогія». Пасля заканчэння вучобы пачаў працу ў Польскім інстытуце гідралогіі і метэаралогіі. Працаваў у аддзелах у Беластоку і Вроцлаве, а з 1960 года і да выхаду на пенсію ў 1983 годе ўзначальваў гідралагічна-метэаралагічную станцыю ў горадзе Новы Сонч. За сваю працу ўзнагароджаны Залатой Адзнакай «Za zaslugi w zwalczaniu powodzi». Напісаў успаміны аб сваім побыце ў войску пад час вайны. Збіраў матэрыялы па гісторыі Пастаўшчыны. Памёр 21 красавіка 1996 года. Пахаваны ў Польшчы ў горадзе Новы Сонч. Дзякуючы рупнасці Генрыка Жаброўскага, на Пастаўшчыне апынулася перадваенная схема горада Паставы 1939 года з пазначэннем назваў існаваўшых тады вуліц, з’явіўся і быў некалькі разоў апублікаваны тэкст знакамітай народнай лучайскай паэмы «Кірха», якая была напісана ў далёкім 1905 годзе і перадавалася з пакалення ў пакаленне ў вусным варыянце. Генрык Жаброўскі гэту паэму запісаў, апрацаваў і пераклаў на польскую мову. Але найбольшую каштоўнасць для Пастаўшчыны мае рукапіс пана Генрыка, які ён назваў «Манаграфія вёскі Міхнічы і ваколіц у Пастаўскім павеце на Віленшчыне», і які быў перакладзены Міхалам Гілём і выдадзены ў выглядзе кнігі ў Паставах выдавецкай ініцыятывай «Сумежжа».

 

Заяц Ірына Мікалаеўна (4.07. 1986, г. Ветка), краязнаўца, журналіст. Скончыла СШ № 1 г. Паставы, Інстытут журналістыкі БДУ і Усходне-Кітайскі педагагічны універсітэт (Шанхай). У школьныя гады брала ўдзел у краязнаўчым руху. Аўтар навукова-даследчых прац: «Класіфікацыя назваў паселішчаў Пастаўскага раёну», «Страчаныя помнікі г. Паставы і ваколіцаў», «Генацыд яўрэйскага насельніцтва на Пастаўшчыне». Творы.: (разам з Пракаповічам І., Вансовіч А.) «Маньковічы: гісторыка-геаграфічны нарыс«.( Паставы, «Сумежжа», 2004. — 60 с.); (разам з Пракаповічам І.) «Мястэчка над возерам: Задзеўе і ваколіцы» ( Мінск, «Ковчег»; 2006. — 56 с.); «О Беларусь, мая шыпшына…: На радзіме У. Дубоўкі» (Мінск, «Тонпік», 2007. — 128 с.).

 

Зямчонак Іосіф Пятровіч (22.02. 1963 г., в. Цівунцы Пастаўскага раёна Віцебскай вобл.), гісторык, педагог, краязнаўца. Член ГА «Міжнародная асацыяцыя беларусістаў». Сябра Рады Беларускага краязнаўчага таварыства імя Тодара Нарбута, каардынатар Гарадзенскай краязнаўчай асацыяцыі па Віцебскай вобласці (да выязду за мяжу). Напрыканцы 90-х гг. вярнуў з нябыту ў навукова-публіцыстычна-краязнаўчае функцыянаванне звесткі аб колішнім Пастаўскім арніталагічным музеі. Скончыў Варапаеўскую СШ Пастаўскага раёна (1980), Ленінградскае тэхнічнае вучылішча № 65 (1981), Аршанскае педагагічнае вучылішча (1987), гістарычны факультэт БДУ (1994). У 1996–1999 гг. быў суіскальнікам вучонай ступені кандыдата гістарычных навук у БДУ на кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў гістарычнага факультэта, стажыстам Інстытута гісторыі Падляшскай Акадэміі (г. Седльце, РП, 2000–2003). Мае адзіны ў Польшчы дыплом доктара гуманітарных навук у галіне гісторыі навукі і асветы. Працаваў настаўнікам ў Гуцкай СШ (1987–1994), Варапаеўскай СШ Пастаўскага раёну (1994–2000). З 2003 г. працуе выкладчыкам на Кафедры беларусістыкі Варшаўскага універсітэта (Польшча). Ад 2011 г. — віцэ-дырэктар Кафедры Беларусазнаўства. Рэпрынтныя выданні: Очерки по историческому краеведению Поставского Поозерья«, 2000. «Золотой пояс Постав». Научно-методическая разработка краеведческо-туристских маршрутов,1999. «Знай свой край» авторская программa, 1997. Кнігі: Іосіф Зямчонак, Мястэчка пры гасцінцы. Старонкі гісторыі Варапаева і бліжэйшых населеных пунктаў, Беларусь-Інфарм-Сэрвіс, Мінск 1995, cc. 136. Ваколіцы Парыжа. Старонкі гісторыі Пастаўскага Паазер’я, (Серыя: Мястэчкі Даўняй Віленшчыны), «Ратуша», Гроднa 2000, cc. 104. Храмы Зaлaтогa пояса Пaстаў, «Энцыклапедыкс», Мінск 2000, cc. 102. Данілавічы 1473–1998. Гістарычны нарыс, (Серыя: Мястэчкі Даўняй Віленшчыны), Выдавецкая ініцыятыва «Сумежжа», Паставы 2004. Лучай. Гісторыя маёнтка, мястэчка і вёскі 1542–1998 гг., (Серыя: Мястэчкі Даўняй Віленшчыны), Выдавецкая ініцыятыва «Сумежжа», Паставы 2004, cc. 68. Ваколіцы Парыжа. Старонкі гісторыі Пастаўскага Паазер’я, (Серыя: Мястэчкі Даўняй Віленшчыны), выд. 2, Выдавецкая ініцыятыва «Сумежжа», Паставы 2004,cc. 104. Józef Ziemczonok, Twórczość Rajnolda Tyzenhauza, Katedra Białorutenistyki UW, Warszawa 2007, ss. 94. ; Trzej Tyzenhauzowie. Szkice biograficzne, Katedra Białorutenistyki UW, Warszawa 2007, ss. 150. Konstanty Tyzenhauz 1786–1853. Uczony. Mecenas, Katedra Białorutenistyki UW, Warszawa 2007, ss. 140. Integracja Europy a Białoruś. Historia i współczesność, Katedra Białorutenistyki UW, Warszawa 2008, ss. 460. Traktem Stefana Batorego. Postawy na pograniczu kultur. 1409—1939—2009, Katedra Białorutenistyki UW, Warszawa 2009, ss. 396. Rajnold Tyzenhauz (1830–1880). Myśliciel. Reformator. Mecenas, Katedra Białorutenistyki UW, Warszawa 2010, ss. 192.

 

Зянькевіч Рамуальд. Нарадзіўся ён 1 лютага 1811 года Свянцянскім павеце Віленскай губерні. Бацькі: Шыман Зянькевіч і Канстанцыя з Самсонавічаў. Вучыцца пачаў у 1820 годзе ў тагачаснай павятовай школе ў Паставах, адкуль у 1822 годзе перайшоў у Віленскую гімназію, а ў 1826 годзе паступіў на літаратурны факультэт Віленскага універсітэта. Скончыўшы яго ў 1830 г., працаваў спачатку хатнім настаўнікам, потым атрымаў пасаду настаўніка ў павятовай школе. Але здарылася вялікае няшчасце: Рамуальд Сымонавіч страціў зрок. Працаваць у школе стала немагчыма. Ён зноў пачаў вучыць дзяцей прыватна па хатах. Настаўнічаў на Свянцяншчыне, Пастаўшчыне, Ашмяншчыне. Будучы на Ашмяншчыне ў 1843 годзе, даследчык цікавіўся мясцовымі археалагічнымі помнікамі. Ён карыстаўся звесткамі аратых, якія знаходзілі старажытныя рэчы. Не маючы магчымасці самому весці раскопкі з-за слабага зроку, Р. Зянькевіч зрабіў абмеры курганоў, гарадзішчаў, апісаў іх знешні выгляд, даў ім мясцовыя назвы і сабраў мясцовыя легенды пра іх. Упершыню стварыў археалагічную карту Ашмянскага павета. Яму належыць публікацыя » Пра курганы і гарадзішчы Ашмянскага павета«. Вынікі працы былі апублікаваныя ў часопісе «Athenaeum» (т. 5, 1848 г.) . Р. Зянькевіч вывучаў Крэўскі замак, легенды пра так званыя «падземныя хады». Яго матэрыялы пра Крэўскі замак выкарыстаў М. Балінскі ў працы «Старажытная Польшча». На Піншчыне Р. Зянькевіч трапляе ў дом князёў Друцкіх-Любецкіх, дзе збліжаецца з простым пінскім людам і запісвае песні, звычаі. Менавіта гэта справа з’яўляецца самай выдатнай заслугай Зянкевіча. Працуючы на Палессі настаўнікам, займаўся вывучэннем мясцовага фальклору і этнаграфіі. У часопісе «Athenaeum» ён змясціў 219 беларускіх песень. Іх О. Кольберг уключыў у свой 52 том выдання «Беларусь-Палесьсе». Поруч з беларускім арыгіналам Р. Зянькевіч даваў пераклад на польскую мову, што значна павышае навуковую вартасць гэтай працы. Асабліва вылучаў Р. Зянькевіч песьні веснавога цыклу, у прыватнасці фальклорна-этнаграфічнае свята «куста», якое бытуе з паганскіх часоў і загавалася да нашага часу толькі на Палессі. У працы «Пра ўрочышчы і звычаі пінскага люду» Р. Зянькевіч не абышоў увагай і помнікі археалогіі. Ён зафіксаваў над Ясельдай ля Сташанаў месца даўняга пабоішча, вызначыў месцазнаходжанне і вал каля Турава, а ў навакольных лясах мноства курганаў і ўсе гэтыя аб’екты звязваў, паводле народных паданняў, з паходамі крыжакоў, асабліва так называемую Авідыўшаву Гару каля Кажан-Гарадка. З гэтай колькасці выяўленых ім слядоў старажытнасці аўтар ніякіх навуковых вывадаў не зрабіў, апрача канстатацыі таго, што Палессе ў далёкія часы не абміналі гістарычныя падзеі. Для яго галоўным матэрыялам даследаванняў заставаўся фальклор. Асобныя раздзелы гэтай працы прысвечаны апісанню купалля, дажынак, вясельных абрадаў, варажбы і інш. У 50-я гады ён перасяляецца ў Вільню. У 1851 годзе выдае ў Коўне «Народныя песенькі пінскага люду» у беларускім арыгінале з вершаваным перакладам збіральніка і з тлумачэннем абрадаў, пры якіх выконваюцца песні. Пісаў Зянькевіч і вершы, якія выдаў у дзвюх кнігах. Аўтар вершаванага зборніка «Próbki rymowe» (Вільня, 1856) і кнігі «Wesele, przedślubny podarek rymowy» (Вільня, 1857). Апошнія гады жыцця займаўся вывучэннем польскай літаратуры і педагогікі.

 

Ластоўская Рэгіна Норбертаўна (5.04. 1948, в. Савічы Пастаўскага раёна Маладзечанскай вобл., цяпер Віцебскай вобл.), педагог, краязнаўца. Скончыла гістарычны факультэт МДПІ імя М. Горкага (1972). Працавала ст. піянерважатай у Савіцкай СШ Пастаўскага раёну (1967–1972), дырэктарам Груздаўскай БШ (1972–1973), інструктарам школьнага аддзела Віцебскага абкама ЛКСМБ (03. 1973 — 07. 1973), першым сакратаром Пастаўскага райкама ЛКСМБ (1973–1975) настаўніцай Пастаўская вячэрняй школы (1975–1980), настаўніцай, нам. дырэктара па выхаваўчай працы СШ № 2 г. Паставы (1980 — па ц.ч.). Вывучэнне гісторыі роднага краю пачала ў час працы піянерважатай. Цікавіцца гісторыяй Паставаў і наваколляў, аддаючы перавагу тэмам: «Акупацыйны рэжым на Пастаўшчыне», «Дзеці вайны», «Воіны-інтэрнацыяналісты», «Вызваленне Пастаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Ініцыятар, стваральнік і кіраўнік музея баявой і працоўнай славы СШ № 2 г. Паставы (з 4.11. 1987 г. па ц.ч.). ініцыятар адкрыцця мемарыяльнай дошкі каля клёна Героя (май 2004 г.). Бярэ ўдзел у якасці навуковага кіраўніка вучнёўскіх навуковых канферэнцыях. Музей СШ № 2 г. Паставы заняў І месца на конкурсе-аглядзе музеяў Віцебскай вобласці. Узнагароджана Граматай Міністэрства адукацыі БССР (1988).

 

Магільніцкі Уладзімір Яраслававіч, краязнаўца, Нарадзіўся ў 1943 годзе ў в. Вайшкуны Лынтупскага с/с Пастаўскага раёна Закончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Шмат гадоў працаваў на партыйнай, камсамольскай рабоце, быў начальнікам райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Комплексна даследуе Пастаўшчыну, аддаючы перавагу вывучэнню прыроды, экалагічнага стану краю. Аўтар кніг «Природа Поставского края» (Молодечно: Победа, 2000, — 84 с.); «Мая вёсачка Вайшкуны» (Мінск, «Кнігазбор», 2010, — 148 с.). Публікацыі: Шчэрбніцкія крыніцы // ПК. — 1999. — 3.02. — С. 2; (разам з Козак К.І.) Прырода раёна // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Пастаўскага раёна. — Мн.: БелТА, 2001. — С. 22 — 28.

 

Пракаповіч Ігар Міхайлавіч, краязнаўца, пісьменнік. нарадзіўся 9.12.1960 у г. Паставы. Закончыў СШ № 2, геафак БДУ і аспірантуру Нацыянальнага Інстытута Адукацыі. Працуе настаўнікам геаграфіі і астраноміі Пастаўскай гімназіі і СШ № 1. Сфера інтарэсаў: літаратура, геаграфія, гісторыя, тапанімія, педагогіка, краязнаўства. Аўтар 25 краязнаўчых кніг. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Вучонага савета беларускага геаграфічнага таварыства. Пераможца рэспубліканскага конкурсу Таварыства беларускай школы «Беларускі настаўнік года 2009», Віцебскага абласнога конкурсу «Настаўнік года-95», лаўрэат звання «Чалавек года Віцебшчыны 2009». Старшыня раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны». Краязнаўчыя выданні: «Фізічная геаграфія Пастаўскага раёна» (1994); «Адкуль паходзяць назвы. Назвы рэк і азёр Пастаўскага раёна» (2000); «Крыжы і камяні: Нарысы па гісторыі Пастаўскага краю» (2003); «Манькавічы: гісторыка-геаграфічны нарыс» (разам з А. Вансовіч, І. Заяц) (2004); «Насельніцтва Пастаўскага краю» (2004); «Ваколіцы Паставаў» (2004); «Мястэчка каля пушчы: Груздава і ваколіцы» (разам з І. Собаль) (2005); «Паставы» (фотаальбом) (2006) (тэкст); «Дзе Мядзелка песні пяе…: Пастаўшчына літаратурная: проза, паэзія, публіцыстыка» (2006) (укладанне); «И край родной откроет тайны: Система школьного краеведения» (2006); «Мястэчка над возерам: Задзеўе і ваколіцы» (разам з І. Заяц) (2006); «Гута-Голбія: гісторыка-геаграфічны нарыс Галбейскага краю» (разам з М. Арэхам) (2007); «О Беларусь, мая шыпшына…: На радзіме У. Дубоўкі» (разам з І. Заяц) (2007); «Фізічная геаграфія Пастаўскага раёна» (другое выданне) (2007); «Паставы: гістарычная хроніка горада» (2007); «Чароўны край — Пастаўшчына»: (гісторыка-краязнаўчы курс «Паставазнаўства») (2009); «Парфорснае паляванне ў Паставах» (2011); «Пошукі забытага шляху» (2011); «За смугою мінулых часоў: Старажытная гісторыя і археалагічныя помнікі Пастаўскага краю» (2011); «Назвы вуліц горада Паставы» (разам з В. Літвіновіч) (2012); «Храналогія гісторыі Пастаўскага раёна. Каляндар памятных дат 2012–2021» (разам з П. Баразна) (2012); «Памяткі Першай сусветнай вайны на Пастаўшчыне» (разам з Ю. Пракаповіч) (2012), «Назвы нашых вёсак» (2013), «Назвы нашых мясцін» (2013), «1812. Вайна на Пастаўшчыне» (разам з В. Шышко) (2013), «Рымкі: вёска на краі вечнасці» (разам з М.Арэхам) (2014), «Ці ведаеце вы Пастаўскі край?: сшытак па курсе «Чароўны край — Пастаўшчына» (2014), «Чароўны край — Пастаўшчына» (2-е выд., дапр. і дап) (2014), «Спорскі край: Вёска Вялікія Споры і яе ваколіцы» (2015).

 

Собаль Валянцін Енісеевіч, археолаг, кандыдат гістарычных навук (1988). Нарадзіўся 04.03.1949 года ў Паставах. Закончыў БДУ, аспірантуру. Працаваў у Інстытуце гісторыі НАН, Беларускім рэстаўрацыйна-праектным інстытуце Міністэрства культуры Беларусі, а з 2001 года ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту. Даследуе помнікі архітэктуры археалагічнымі метадамі, храналогію культурных пластоў, матэрыяльную культуру гарадоў Беларусі XIV — XVIII стагоддзяў. Даследаваў помнікі архітэктуры Полацка, Мсціслава, Гродна, Мінска, Міра і інш. Адзін з аўтараў альбома «Беларуская кафля» (1989), гісторыка-археалагічнага нарыса «Стары замак у Гродне XI — XVIII ст..» (1993) і іншых. Пражывае ў Мінску.
Собаль Іна (27.02. 1989, г. Паставы), краязнаўца. Член краязнаўчага таварыства СШ № 1 г. Паставы. Брала ўдзел у шэрагу краязнаўчых экспедыцый на тэрыторыі Пастаўскага раёна. Сабрала матэрыял і разам з Ігарам Пракаповічам выдала кнігу «Мястэчка каля пушчы: Груздава і ваколіцы» (Паставы: ВІ «Сумежжа», 2005. — 60 с.).

 

Сямашка Збігнеў, вядомы польскі ваенны гісторык і пісьменнік Нарадзіўся 28 кастрычніка 1923 года ў маёнтку Ляхаўшчына, парафія Дунілавічы (Пастаўскі раён), у якім яго продкі пражывалі без перапынку з 1618 года. Маці — Яніна (з дома Гушчы) — фармацэўт, бацька — Антон Сямашка, землеўласнік, быў войтам Казлоўшчынскай гміны. Перад вайной Збігнеў Сямашка вучыўся шэсць гадоў у гімназіі айцоў езуітаў у Вільні, дзе належаў да Коннага атрада харцэраў. Неўзабаве пасля заняцця Віленшчыны савецкімі войскамі, бацька быў арыштаваны і загінуў у Беразвецкай турме. Збігнеў Сямашка разам з маці, сястрой і братам быў вывезены ў Казахстан у Семіярск над Іртышом. У сакавіку 1942 года разам з братам уступіў у Войска Польскае, якое арганізоўвалася ў СССР генералам Андэрсам. Быў прызначаны ў 10 пяхотную дывізію, якая арганізоўвалася ў Лугавой, а затым накіраваны ў роту сувязі. Разам з войскам быў эвакуаваны ў Персію, затым чаргова дыслакаваўся ў Іраку, Палестыне і Паўднёвай Афрыцы, пасля чаго шляхам вакол Афрыкі дабраўся да Вялікабрытаніі ў красавіку 1943 года. Маці з сястрой засталіся ў Казахстане і пасля вайны пераехалі ва Уроцлаў. Пасля прыбыцця ў Шатландыю Збігнеў Сямашка быў прыкамандзіраваны ў Вучэбны Цэнтр Сувязістаў і прайшоў курс навучання для дыверсантаў. Канчаткова не быў высланы ў Польшчу і з ліпеня 1944 года да заканчэння вайны выконваў функцыі радыётэлеграфіста ў Батальёне Сувязі Штабу Галоўнакамандуючага, Радыётэлеграфічнай Роце пад Лонданам. Пасля вайны ў 1947 годзе здаў выпускныя экзамены ў польскай гімназіі імя Юліюша Славацкага ў Глазга (Шатландыя). Быў дэмабілізаваны ў студзені 1948 года. Закончыў факультэт электронікі Польскага Універсітэта College у 1953 годзе. Больш 30 гадоў працаваў у электроннай прамысловасці, між іншым у British Communication Corporation, у якой выконваў даручэнні для Брытанскага міністэрства Абароны. Быў членам Institution of Electrical Engineers і атрымаў тытул Chartered Engineer. Спецыялізаваўся ў надзейнасці электроннага абсталявання і на гэту тэму апублікаваў некалькі артыкулаў. Акрамя прафесійнай працы займаўся польскімі справамі, асабліва перыядам апошняй вайны. Апублікаваў шэраг працаў і артыкулаў, у асноўным выдаваных у Парыжы ў «Zeszytach Historycznych», а таксама ў парыжскай «Kulturze» і ў лонданскіх «Wiadomościach», «Tygodniu Polskim», «Dzienniku polskim» і «Dzienniku żołnierza», «Przeglądzie Powszechnym». Прачытаў шэраг лекцый (некаторыя па ангельску) у Лондане, Нью Ёрку, у Варшаве і Рыме. У 1983 годзе выйшла яго першая кніга «Нацыянальныя Узброеныя Сілы». У наступныя гады з’явіліся чарговыя працы аўтара, выдадзеныя на эміграцыі і ў Польшчы: «Варшава Варшаў»,»Тыя, якія адыйшлі. 1953- 2002«, «Сувязь і палітыка 1939 — 1946», «Палякі і Польшча ў Другую сусветную вайну»,»Гады затухаючай надзеі. 1942 — 1945″,»Карэспандэнцыя з Ежы Гедройцам. 1953 — 2000«, «Юзаф Мацкевіч.Лісты. Працы. Успаміны». Напрыканцы 2012 года пабачыла свет яго кніга «Генерал Андэрс у 1892 — 1942 гадах», а ў 2014 годзе «Эмігрант». Быў прыяцелем апошняга прэзідэнта Рэчы Паспалітай на эміграцыі Рышарда Качароўскага.

 

Хоміч Франц Ігнатавіч (31.03.1949 г., в. Седлярова, Дунілавіцкага раёна Полацкай вобласці — зараз Пастаўскі раён), педагог, краязнаўца. Закончыў Дунілавіцкую СШ, Аршанскае педагагічнае вучылішча і завочна МДПІ (факультэт агульнатэхнічных дысцыплін). З 1966 — 1970 гг.працаваў матарыстам-матросам у Беламорска-Анежскім параходстве, а з 1970 — 2004 гг. настаўнікам у школах Пастаўскага раёна, з іх — 27 гадоў у Дунілавіцкай СШ. Жыве ў в. Дунілавічы Пастаўскага раёна. Краязнаўчую дзейнасць пачаў у 2005 годзе. Даследуе гісторыю яўрэйскіх мястэчак у Заходняй Беларусі, падзеі Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Пастаўскага раёна, канфесійную гісторыю ў рэгіёне. Браў удзел у стварэнні музея ў Дунілавіцкай СШ. Стварыў у сябе на падвор’і куток народнага побыту Пастаўшчыны. Збірае матэрыялы па гісторыі краю арганізуе вандроўкі і экспедыцыі па раёне, праводзіць экскурсіі. Аўтар артыкулаў у мясцовым перыядычным друку. У 2014 годзе выдаў кнігу «Дунілавічы ад ВКЛ да БССР», (Паставы, ТБМ, — с.).
Чарэнка Яўген Іванавіч. Нарадзіўся ў 1939 годзе ў в. Логавінцы (Пастаўскі раён, Юнькаўскі сельсавет) у сялянскай сям’і. Закончыў Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум і Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт. Працаваць пачаў у 1959 годзе на пасадзе прараба Пастаўскай кватэрна-эксплуатацынай часткі. З 1962 года працаваў старшым інжынерам-будаўніком раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі. У студзені 1965 года Я. І. Чарэнка абраны старшынёй Савета Пастаўскай міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі, калектыў якой ён узначальваў на працягу 32 гадоў. Пасля выходу на пенсію актыўна займаўся краязнаўчай дзейнасцю, напісаў шэраг грунтоўных артыкулаў пра Паставы і наваколле. Памёр Яўген Іванавіч Чарэнка 18 студзеня 2013 года. Цыкл публікацый у газеце «Пастаўскі край»: «Зямля і гаспадары: «другія Саветы» — 2013 г.;. «Лёс помнікаў даўніны» — 2010 г.;, «Логавінскія валокі» 2010 — 2012 гг.;. «Пастаўшчына і яе „сталіца“: крокі станаўлення і развіцця» — 2009 — 2010 гг.

 

Шкуцько Леанід Леанідавіч, кандыдат гістарычных навук. Нарадзіўся ў 1950 г. у г.п. Шаркаўшчына. Закончыў Казлоўшчынскую сярэднюю школу Пастаўскага раёна і Мінскі педагагічны інстытут. У 1980 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю. Працуе выкладчыкам гісторыі. Аўтар шматлікіх навуковых прац, слоўніка беларускіх тэрмінаў грамадска-палітычных навук. Даследуе яўрэйства на мяжы ХІХ-ХХ стст. і інш.

Шымак Алена Казіміраўна, кандыдат гістарычных навук. Нарадзілася 26 чэрвеня 1982 г. у в. Ёдаўцы Пастаўскага раёна. Скончыла з адзнакай Камайскую СШ. У 1999-2004 гг. вучылася на гістарычным факультэце БДУ. Там жа ў 2005 г. скончыла магістратуру, а ў 2008 г. — аспірантуру. У 2010 г. абараніла дысертацыю і атрымала навуковую ступень кандыдата гістарычных навук. З 2007 г. працуе на гістарычным факультэце БДУ, дзе выкладае спецкурсы па гісторыі Расіі, гісторыі вышэйшай адукацыі ў Беларусі, гісторыі дыпламатычных стасункаў Расіі і Апостальскай сталіцы. У 2012-2013 гг. супрацоўнічала з часопісам «Ave Maria». У сферу навуковых інтарэсаў уваходзяць даследванне міжнародных адносінаў ва Усходняй Еўропе (XVI ст.), гісторыя дыпламатыі Рымскай курыі, гісторыя Касцёла. Мае больш 10 навуковых публікацый. Навукова-даследчыцкая дзейнасць праводзілася ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, Аддзеле рэдкай кнігі Нацыянальнай акадэмічнай бібліятэкі і іншых навукова-інфармацыйных установах. Прахадзіла стажыроўкі ў Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў, Расійскай дзяржаўнай гістарычнай бібліятэцы, Інстытуце гісторыі Літвы, Нацыянальнай акадэмічнай бібліятэцы Латвіі, Дзяржаўным гістарычным архіве Латвіі, Варшаўскім універсітэце (Osrodak badan nad tradycja antyczna w Polsce i Europie Srodkowowschodniej), Papieski instytut studiyw koscielnych, Punkt konsultacyjny.

 

Шышко Вадзім Аляксандравіч, краязнаўца. Нарадзіўся 22 студзеня 1981 года ў в. Турлы Пастаўскага раёна. Закончыў Навасёлкаўскія сярэднюю і музычную школы, гістарычны факультэт БДУ. Пасля службы ў войску працаваў у Нямеччыне і Чэхіі, настаўнікам Княгінінскай СШ Мядзельскага раёна. З 2011 года навуковы супрацоўнік Пастаўскага раённага краязнаўчага музея. Аўтар шэрагу артыкулаў па гісторыі і праблемах нацыянальнай самасвядомасці. У 2013 годзе ў сааўтарстве з Ігарам Пракаповічам напісаў кнігу «1812. Вайна на Пастаўшчыне» (разам з І. Пракаповічам) — 2013, Мінск, «Кнігазбор», — 76 с.

 

Якубоўскі Якуб Адамавіч, навуковец, найбуйнейшы беларускі энцыклапедыст, журналіст. Нарадзіўся 20 красавіка 1932 года ў вёсцы Камаі Пастаўскага раёна ў сям’і татарына-рамесніка. Пасля пажару ў 1942 годзе сям’я была вымушана пераехаць да сваякоў у Відзы. У 1950 годзе, пасля заканчэння сярэдняй школы ў Відзах Браслаўскага раёна, ён працаваў настаўнікам, потым скончыў Мінскі педагагічны інстытут па спецыяльнасці «настаўнік гісторыі», а таксама ў 1962 годзе з адзнакай скончыў Белдзяржуніверсітэт імя У.Леніна і атрымаў спецыяльнасць географа. Затым Я.А. Якубоўскі атрымлівае вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура» на завочным аддзяленні Мінскага педінстытута. Меў больш за 10 дыпломаў і пасведчанняў па розных «гатунках» адукацыі, асветы, у тым ліку і палітычных. У 1962-1967 гадах Я.А. Якубоўскі плённа і натхнёна працаваў у Навукова-даследчым інстытуце глебазнаўства, затым, да самай пенсіі, — у выдавецтве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». Сюды яго запрасіў сам Пятрусь Броўка. Да 1992 года Якубоўскі працаваў загадчыкам рэдакцыі геалогіі і геаграфіі. З яго актыўным удзелам былі створаны «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» ў 12-ці тамах, «Энцыклапедыя прыроды Беларусі» ў 5 тамах (рашэннем Праграмы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па навакольным асяроддзі (ЮНЕП) у 1984 годзе «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі за папулярызацыю ідэй аховы прыроды ў «Энцыклапедыі прыроды Беларусі» і іншых энцыклапедычных выданнях адзначана срэбным медалём), аднатомнік «Природа Белоруссии», «Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя ў 5 тамах на беларускай і рускай мовах», даведнікі пра ўсе абласныя гарады, «Блакітная кніга Беларусі» і іншыя. Ён лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР 1976 г. за плённы ўдзел у стварэнні «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі». Пасля выхаду на пенсію Якуб Адамавіч рупліва працаваў на ніве культурнага адраджэння беларускага і татарскага народаў. Ён ініцыятар стварэння і галоўны рэдактар часопіса-штоквартальніка «Байрам. Татары на зямлі Беларусі» (пры ім пабачылі свет 27 нумароў), іншых перыядычных беларуска-татарскіх выданняў і дапаможнікаў. Якуб Адамавіч вывучаў карані сваіх супляменнікаў-татар, пытанні культурна-нацыянальнага адраджэння беларускага, татарскага, літоўскага, яўрэйскага і іншых народаў, гісторыю паходжання старажытных і новых татарскіх родаў, збіраў матэрыялы пра знакамітых дзеячаў нашай краіны і многія іншыя тэмы. Я.Якубоўскі — аўтар гімна беларускіх татар «Мы з іманам жывём на зямлі Беларусі» (музыка Дзінары Мазітавай), які перакладзены на рускую і крымска-татарскую мовы. Імя навукоўца занесена ў кнігу «Рупліўцы твае, Беларусь» (1988).У апошнія гады Якуб Адамавіч працаваў над стварэннем першага энцыклапедычнага даведніка «Татары Беларусі, Літвы і Польшчы». Падрыхтаваў для яго каля 1000 артыкулаў (персаналій) і каля 300 з іх паспеў апублікаваць у часопісе «Байрам. Татары на зямлі Беларусі». Памёр 14 верасня 1998 года ў Мінску, пахаваны на мізары (мусульманскіх могілках) у гарадскім пасёлку Смілавічы.

 

 

Оставьте комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *