Вядомыя людзі Пастаўшчыны. Архітэктары.

Ігнатовіч Збігнеў нарадзіўся 20 ліпеня 1906 года ў Паставах. Закончыў віленскую гімназію імя Караля Зыгмунта Аўгуста, а затым паступіў вучыцца на факультэт архітэктуры Варшаўскай Палітэхнікі. Тытул інжынера-архітэктара атрымаў у 1933 годзе. Пасля вучобы працаваў праектыроўшчыкам у майстэрнях Казіміра Скурэвіча і Юліюша Жураўскага (да 1934 года). Таксама працаваў у Бюро Рэгіянальнага Планавання Варшавы (1934 — 1939). У час ІІ сусветнай вайны знаходзіўся ў нямецкім лагеры для ваеннапалонных у Мурнаў. Там прымаў удзел у міжнародным конкурсе для палонных па праектаванню жылых дамоў. У Польшчу вярнуўся ў 1946 годзе і стаў праектантам у Галоўным Упраўленні Прасторавага Планавання (1946 — 1949), у праектных бюро Цэнтральнага Бюро Навучання і Тыпавых Праектаў Прамысловага Будаўніцтва, а таксама ў мастацка-прамысловых прадпрыемствах Акадэміі Мастацтва. Адначасова займаўся дыдактычнай дзейнасцю, як выкладчык у Варшаўскай Акадэміі Мастацтваў і на факультэце архітэктуры Універсітэта Лаваль у Квебэку (Канада). Да яго найважнейшых архітэктурных рэалізацый належаць: — Жылыя дамы ў Паставах і Целесніцы (1929); Польскі Дом у Пояна Мікулуі (Румынія, 1937); Цэнтральны Універмаг у Варшаве (разам з Ю. Раманьскі, 1948 — 1951); Спартыўны Цэнтр «Варшавянка» (разам з Ю. Солтан, В. Геслер, В.Вітэк, (1956 — 1962); Гастранамічны павільён «Венецыя» у Варшаве (Ю.Солтан, А. Шчэпіньскі, В. Даменцка, 1949 — 1961); Унутраны інтэр’ер чыгуначнага вакзала Варшава Цэнтральная (Ю. Солтан, А. Рамановіч, П. Шыманяк, В. Геслер, А. Шчэпіньскі, 1963); Агульнавядомы Універмаг «Дукат» у Ольштыне (Ю. Солтан, Ст. Брэёўскі, 1962); Выставачныя павільёны на міжнародных ярмарках у Нью-Ёрку, Хельсінкі, Будапешце і Дамаску (1958 — 1968). Акрамя гэтага З. Ігнатовіч быў лаўрэатам шматлікіх архітэктурна-урбаністычных конкурсаў. Атрымаў Дзяржаўную прэмію ІІ ступені ў галіне мастацтва, узнагароды Міністэрства Будаўніцтва і Вытворчасці Будаўнічых Матэрыялаў за унутраны інтэр’ер вакзала Варшава Цэнтральная і ансамбль будынкаў універмага ў Ольштыне, Ганаровую ўзнагароду Асацыяцыі Архітэктараў Рэчы Паспалітай (ААРП). Ён з’яўляўся членам Таварыства Польскіх Урбаністаў (1937 — 56), а таксама Навуковай Рады Інстытута Навуковага Дызайна (1953 — 54) і Урбаністычна-Архітэктурнай Камісіі пры Галоўным Архітэктары Варшавы (1957 — 59). У 1934 годзе атрымаў статус члена звычайнай Асацыяцыі Польскіх Архітэктараў. Узначальваў Прэзідыум Калегіі Конкурсных Судзяў ААРП і засядаў у радзе ААРП.
Мацур Казімір, вядомы ў Польшчы архітэктар і рэстаўратар. Нарадзіўся 17 лютага 1915 года ў вёсцы Лучай. Пасля заканчэння ў 1933 годзе Пастаўскай агульнай школы паступіў на будаўнічы факультэт Дзяржаўнай тэхнічнай школы імя Маршала Пілсудскага ў Вільні, якую скончыў у 1937 годзе. Пасля службы ў арміі ў 1938 годзе паступіў на факультэт Прыгожых Мастацтваў універсітэта Стэфана Баторыя. Навучанне было перарвана вайной. Выконваў шэраг праектаў у галіне аховы помнікаў даўніны ў Вільні і ваколіцах. Праз некаторы час працаваў у Баранавічах у Szefostwie Fortyfikacji. З верасня 1937 г. па чэрвень 1938 г. праходзіў службу ў дывізійным курсе падхарунжых пры 77-м пяхотным палку ў Вільні. Прымаў удзел у вераснёўскай кампаніі 1939 года. У 1945 годзе выехаў у Гданьск, дзе скончыў навучанне на факультэце архітэктуры. Працаваў у кіраўніцтве рэстаўратараў помнікаў даўніны (да 1951 г.), пазней — у лабараторыі рэстаўрацыі да часу выхаду на пенсію ў 1960 годзе. Тут рэканструіраваў каштоўныя помнікі архітэктуры, у прыватнасці Ратушы Галоўнага Горада Гданьска. За прафесійныя дасягненні адзначаны наступнымі ўзнагародамі: «За заслугі для Гданьска» (1962 г.), «Тысячагоддзе польскай дзяржавы» (1963 г.), Ганаровым медалём «Зямлі Гданьскай» (1970 г.), Сярэбраным Крыжам Заслугі (1975 г.), Кавалерскім крыжам Адраджэння Польшы (1984 г.).

Оставьте комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *