Вядомыя людзі Пастаўшчыны. Артысты тэатра і кіно.

Кенстовіч Зыгмунт, выбітны польскі акцёр кіно, тэатра і тэлевізіі нарадзіўся 24 студзеня 1921 года ў мястэчку Шакі (зараз Шакай, Літва). Калі яму споўніўся адзін год (1922 год), бацькі пераехалі ў Паставы, дзе бацька меў аптэку. Вялікую папулярнасць атрымаў на сцэнах тэатраў: Камедыі «Лютня» у Вільні (1940 — 1945), Гарадскога ў Беластоку (1945 — 1947), Камернага ў Кракаве (1947 — 1948), Драматычнага ў Кракаве (1948 — 1950), а таксама варшаўскіх: Польскага (1950 — 1952), Нацыянальнага (1952 — 1956), народнага (1952 — 1957), Камедыі (1957 — 1960), Польскага (1960 — 1962), Класічнага (1962 — 1965), Польскага (1965 — 1966), Драматычнага (1966 — 1985), Ахоты (1985 — 1990). Акторскую адукацыю атрымаў здаўшы экзамен экстэрнам у 1946 годзе. У 60-х гадах увасобіўся ў вобраз Стэфана Яблонскага ў радыёпастаноўцы «У Езяранах». Здымаўся ў 24 кінафільмах і 14 тэлевізійных серыялах. За сваю працу быў 17 разоў узнагароджаны. У 1976 годзе атрымаў «Залаты экран» за ўдзел у тэлевізійнай праграме «Пара на Тэлесфора». У 1995 годзе маршалкі Сейму і Сената ўшанавалі артыста Ордэнам Грамадзянскай Удзячнасці за працу ў пастаноўцы «У Езяранах». Шмат тэлегледачоў запомнілі яго па праграме для дзяцей «Пятніца з Панкраціем». На працягу дзесяці апошніх гадоў іграў «нестара» (старэйшыну) роду Любічаў у адным з самых папулярных польскіх тэлевізійных серыялаў «Клан». Быў Кавалерам Ордэна Усмешкі, а таксама членам Міжнароднай Капітулы Ордэна Усмешкі. Памёр Зыгмунт Кенстовіч 14 сакавіка 2007 года ў Варшаве і там жа быў пахаваны 21 сакавіка 2007 года на Павонзскіх Могілках.

Ясюкевіч Станіслаў (14. V. 1921 Паставы Віленскія — 27. VI. 1973 Варшава), выбітны польскі акцёр тэатра, кіно і тэлебачання. Быў сынам Яна Ясюкевіча і Міхаліны з Сянкевічаў, мужам Зофіі Камароўскай, актрысы (шлюб 1951 год ва Уроцлаве). Апрача Станіслава ў яго бацькоў было яшчэ шасцёра дзяцей: сыны Казімір, Францішак і Юстын, а таксама дочкі Гелена, Яніна і Ванда. З 1928 — 1939 гады вучыўся ў школе і гімназіі ў Паставах. Тады сям’я Ясюкевічаў пражывала на вуліцы Віленскай (зараз Савецкая). Пасля выбуху ІІ сусветнай вайны вызваўся добраахвотнікам у польскую армію і прымаў удзел у Вераснёўскай кампаніі. Пасля вяртання дадому пайшоў у дзевяты клас расійскай сярэдняй школы, якую закончыў у 1941 годзе. Пасля заняцця Віленшчыны нямецкімі войскамі працаваў па чарзе, як: маляром шыльдаў, рабочым, чыноўнікам у магістраце. У перыяд той працы адначасова ўдзельнічаў у падполлі. Са студзеня 1944 года ваяваў у ІV партызанцкай брыгадзе Арміі Краёвай «Нарач», пад камандаваннем Лонгіна Вайцяхоўскага, псеўданім «Ронін». Пасля ўступлення Чырвонай Арміі быў мабілізаваны і ўключаны ў запасны полк пяхоты на тэрыторыі СССР (Калуга). У студзені 1946 года пераехаў у Польшчу і пасяліўся ў Торуні. Пачаў там вучыцца на аддзяленні выяўленчага мастацтва Універсітэта імя Мікалая Каперніка. Адначасова адзін сезон выступаў у Тэатры Дома жаўнера, дзе 5 кастрычніка 1946 года дэбютаваў як Ян («Дзявочыя сужэнствы») і на той сцэне сыграў некалькі роляў. У 1947 — 1949 гады вучыўся на акцёрскім аддзяленні Дзяржаўнай Вышэйшай Тэатральнай Школы ( ДВТШ) у Лодзі. У выпускным дыпломным спектаклі выступіў у ролі Алега Кашавога («Маладая Гвардыя»). Восенню 1949 года паступіў працаваць у Драматычны Тэатр ва Ўроцлаве. Прафесійным дэбютам Ясюкевіча была роля Грынёва («Маскоўскі характар», 26 XI 1949). Перадусім прызначаўся на ролі героя-палюбоўніка, як Рычард ( «Генрык VI на паляванні»), Клеан («Скнара»), Нелкін («Сужэнства Крэчынскага»), выказаў новыя магчымасці ў зычліва прынятых, такіх адрозных ролях, як: Платон Крэчат («Хірург», 1953), Арманда («Бег у Фрагал», 1953), Юліюш Фучык («Хутка зацвітуць каштаны», 1954). Восенню 1955 года іграў з вялікім поспехам Густава-Конрада ў «Дзядах» у Польскім Тэатры ў Варшаве і з той хвіліны да канца жыцця быў звязаны з гэтай сцэнай. У варшаўскі перыяд пераважалі ролі з рамантычнага рэпертуару. Апошнюю ролю, якую сыграў у Польскім Тэатры быў Шмага ў спектаклі «Невінаватыя віноўнікі» (16.Х. 1971). У 1972-73гадах удзельнічаў толькі ў пробах. Хвароба ўжо не дазволіла яму выступаць на спектаклях «Клік-клак» і «Вучань д’ябла». У Варшаве разам сыграў 66 роляў (не ўлічваючы эстрадых і паэтычных вечароў). З Уроцлавам звязвала Ясюкевіча «сцэнічная маладосць», з Варшавай «сцэнічная сталасць». У кіно дэбютаваў у ролі савецкага салдата («Нескораны горад», 1950). Са шматлікіх яго роляў вылучаюцца наступныя: Габінскага («Цэлюлоза»), Конрада Гудзерскага («Вольны горад»), Стэфана Зярно («Апошні стрэл»), Ульрыха фон Юнгінгена («Крыжакі»), маёра «Дзядка» («Дзень ачышчэння»), УладзіславаТаркоўскага («У пустыні і ў пушчы»), прэора Кардэцкага («Патоп»). Два апошнія фільмы дэманстраваліся ўжо пасля яго смерці. Таксама здымаўся ў тэлевізійных фільмах у ролях Станіслава Коса (бацькі камандзіра танка Янака Коса) ў серыяле «Чатыры танкісты і сабака», генерала Фістэры «Стаўка больш чым жыццё», генерала Рудэнка «Нюрнбергскі эпілог». Памёр ад інфаркта міякарду. Быў пахаваны на Павонзкаўскіх Могілках у Варшаве.

 

Оставьте комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *